Суд у Францыі выдаў ордар на арышт прэзідэнта Сірыі
Таксама ордары выдалі яшчэ на арышт трох чалавек.
15.11.2023 / 15:11
Башар Асад падчас інтэрв'ю ў Дамаску 9 жніўня 2023 года. Фота: Syrian Presidency Telegram page via AP
Суд у Парыжы выдаў ордар на арышт прэзідэнта Сірыі Башара Асада па абвінавачванні ва ўжыванні хімічнай зброі ў 2013 годзе, піша РБК.
Усяго па гэтай справе выпісана чатыры ордары. Акрамя Асада, абвінавачванні вылучаныя супраць яго брата Махера Асада, які камандуе Рэспубліканскай гвардыяй — элітным вайсковым падраздзяленнем. Ордары выдадзены на арышт яшчэ двух генералаў — Гасана Абаса, дырэктара аддзялення 450 цэнтра навуковых даследаванняў (CERS), і Басама аль-Асада, кіраўніка службы бяспекі прэзідэнта.
Ім інкрымінуюць злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у ваенных злачынствах. Дамаск інфармацыю аб ордары на арышт Асада пакуль не пракаментаваў.
Заходнія краіны, у тым ліку ЗША, неаднаразова абвінавачвалі рэжым Асада ва ўжыванні хімічнай зброі падчас Грамадзянскай вайны, якая ідзе ў Сірыі з 2011 года. Дамаск адмаўляў сваё дачыненне.