«Цяпер справы ідуць значна лепш». Якія бізнэсы расквітнелі на фоне вайны і санкцый
Вайна і санкцыі ў цэлым негатыўна адбіваюцца на бізнэсе, але ёсць асобныя нішы, дзе складаная эканамічная сітуацыя наадварот прынесла плюсы.
16.11.2023 / 14:37
Унутраны турызм б'е рэкорды. Ілюстрацыйнае фота: Onliner
Унутраны турызм б'е рэкорды
Праз складанасці з падарожжамі ў Еўропу, у Беларусі набірае папулярнасць унутраны турызм, а таксама прыязджае шмат турыстаў з Расіі.
Па стане на пачатак ліпеня, напаўняльнасць беларускіх санаторыяў складала 91%. Для параўнання, летам 2015 года гэты паказчык складаў каля 80%, а ў гады пандэміі апускаўся да 70%.
Калі ў дакавідным 2019 годзе ў межах краіны падарожнічалі 1 млн 107 тысяч турыстаў, то ў 2022-м — 1 млн 530 тысяч, тэндэнцыя на рост працягваецца і ў 2023 годзе.
У сярэдзіне лета 2023 года беларускія гатэлі былі загружаныя на 70%, такім чынам яны выйшлі на паказчыкі дакавіднага 2019 года.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Колькі расіян ужо наведала Беларусь?
Па выніках першага паўгоддзя экспарт турыстычных паслуг вырас на 35% у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года. Якімі акажуцца выніковыя лічбы, пакуль не вядома. Магчыма, 2023 год зможа не толькі максімальна наблізіцца да пікавых паказчыкаў дакавіднага перыяду, але і пераадолець іх.
Па нашай краіне падарожнічае шмат расіян. У топ-5 гарадоў, у якія грамадзяне РФ збіраюцца выпраўляцца на Новы год, тры беларускія. Мінск знаходзіцца на першым месцы, а Брэст і Гродна на трэцім і чацвёртым адпаведна.
У ліпені дырэктарка дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Ірына Варановіч паведамляла, што колькасць расійскіх турыстаў, якія са студзеня па май наведалі Беларусь, вырасла на 173% у параўнанні з аналагічным паказчыкам 2022 года.
За 10 месяцаў 2023 года Беларусь ужо наведала больш за 4 млн расійскіх турыстаў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Турыстаў едзе вельмі і вельмі шмат»
Павелічэнне даходаў назіраюць і тыя, хто здае кватэры на суткі. Асабліва ў цэнтры такіх гарадоў, як Мінск, Гродна і Брэст.
Як мы пісалі раней, праз наплыў турыстаў кватэры ў цэнтры Гродна ў летні перыяд здавалі і па 100 даляраў за суткі.
Бізнэсмен, знаёмы з сітуацыяй у турыстычнай сферы, распавёў «Нашай Ніве», што павялічэнне турпатоку сёлета сапраўды вельмі істотнае.
«Турыстаў едзе вельмі і вельмі шмат. Сярод замежнікаў, канешне, у асноўным гэта расіяне. Турыстычны і гасцінічны бізнэс цяпер адчувае сябе вельмі добра. Адпаведна няблага ідуць справы і ў грамадхарчу. Установы, якія 1—2 гады таму ледзь сточвалі канцы з канцамі, сёлета выйшлі ў добры плюс», — кажа суразмоўца.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Карысць ад турыстычнага буму атрымліваюць не толькі уласнікі гатэлей, арэндных кватэр, кавярняў і рэстаранаў. Хапае працы і экскурсаводам.
Аўтабізнэс: «Ніколі не зараблялі так шмат»
Калі разглядаць аўтамабільны бізнэс праз лічбы, якія агучваюць афіцыйныя дылеры, то можна прыйсці да высновы, што ў гэтай галіне ўсе вельмі сумна.
Нават з улікам таго, што продажы новых аўто за 10 месяцаў бягучага года на 27,8% большыя за аналагічны перыяд мінулага года, гэта ўсё адно нашмат менш, чым у даваенны перыяд, бо ў 2022 годзе падзенне склала мінус 63,2%.
Але абвал продажу афіцыйнымі дылерамі звязаны ў першую чаргу не з рэзкім падзеннем попыту на аўто, а з зыходам з Расіі сусветных аўтавытворцаў, санкцыямі, ростам цэн на рэшткі і скарачэннем асартыменту.
Цяпер балам правіць шэры імпарт. Калі дылеры за год прадалі на 30 тысяч аўто менш, чым у 2021-м, то імпарт аўто фізасобамі летась павялічыўся на 45 тысяч.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Такім чынам агульны аб'ём продажаў аўто ў Беларусі праз вайну і санкцыі не толькі не скараціўся, але і значна вырас. Галоўная прычына — попыт з боку расіян.
Чалавек, які займаецца перапродажам аўто з Еўропы, адзначае, што мінулы год быў, бадай, найлепшым у плане заробкаў.
«Сёлета сітуацыя з попытам на свежапрыгнаныя аўто з Еўропы і ЗША далёкая ад таго, што мы назіралі з канца вясны мінулага года, але ўсё адно цяпер справы ідуць значна лепш, чым да вайны», — кажа мужчына.
З яго слоў, вырас не толькі попыт на аўтамабілі, але і маржынальнасць самаго бізнэсу.
«Раней ніколі не было такіх пад'емаў на аўтамабілях, як цяпер і асабліва год таму. Прычым зарабляць лепей сталі не толькі тыя хто непасрэдна гандлюе машынамі. Напрыклад, тарыфы на дастаўку аўто з Еўропы цяпер у разы большыя, чым былі два гады таму.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Так, выдаткі ў перавозчыкаў выраслі, але непараўнальна таму, як вырас тарыф. Перавозчыкі ў прынцыпе самі не адмаўляюць, што цяпер зарабляюць на дастаўцы аўто больш, чым калі-небудзь раней», — кажа аўтабізнэсмен.
Шэры імпарт не знойдзе адлюстравання ў афіцыйнай статыстыцы, але гэта не адмаўляе таго, што многім гульцам аўтабізнэсу вайна прынесла не страты, а дадатковы прыбытак.
«У Расіі адкрылася шмат ніш»
Па назіраннях бізнэсменаў, з якімі давялося пагаварыць, апроч турыстычнага і аўтамабільнага бізнэсу, акрэсліць іншыя сферы, дзе вайна прынесла дадатковы прыбытак, даволі складана.
«Тыя, хто займаўся экспартам і імпартам у кірунку Беларусь-Еўропа ў большасці сваёй страцілі», — прызнаецца бізнэсмен.
Па яго словах, санкцыі, складанасці з разлікамі, значна падаражэлая лагістыка і штучнае рэгуляванне цэн прынеслі шмат праблем у сферы гандлю.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Напрыклад, калі браць будаўнічыя і аздобныя матэрыялы, якія ішлі да нас з краін Еўропы, то попыт на іх упаў. Выраслі закупачныя цэны ў Еўропе, дастаўка стала больш дарагой і працяглай па часе. У людзей заробкі застаюцца прыблізна на тым жа ўзроўні, што да вайны. Адпаведна пакупніцкая здольнасць падае, гэта негатыўна адбіваецца на ўсіх бізнэсах, якія займаюцца продажам імпартных тавараў», — тлумачыць бізнэсмен.
Са слоў суразмоўцы, нягледзячы на тое, што ў цэлым сітуацыя для бізнэсу пагоршала, некаторым удалося хутка пераарыентавацца і павялічыць прыбытак у параўнанні з даваенным перыядам.
У прыватнасці, вялізныя магчымасці адкрыліся і для беларускага вайскова-прамысловага комплексу і прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю двайнога прызначэння. У ходзе баявых дзеянняў Расія страціла тысячы адзінак самай рознай тэхнікі і дзясяткі тысяч адзінак розных узбраенняў. У выніку расцвіў «бізнэс на крыві». Залаты дождж расійскіх заказаў для патрэб расійскай арміі і ВПК РФ праліўся не толькі на заводы, якія працавалі ў гэтай нішы, але і, напрыклад, на «Гомсельмаш».
«Адбылося пэўнае перафарміраванне рынкаў, праз сыход заходніх кампаній у Расіі адкрылася шмат ніш. Некаторым удалося ўчасна праціснуцца на гэты рынак. Беларускія бізнэсы, якія здолелі там замацавацца — цяпер зарабляюць добрыя грошы. Беларускі рынак непараўнальна малы і даволі бедны, а там (у РФ. — НН) усё адно грошай круціцца нашмат больш», — падсумоўвае суразмоўца «Нашай Нівы».