Бондарава атакавала яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры

Прарасійская актывістка звярнула ўвагу на творчасць Уладзіслава Сыракомлі і ягоны класічны верш «Добрыя весцi».

14.11.2023 / 14:11

«Сябры, прапаную прачытаць верш Сыракомлі «Добрыя весці» і вырашыць, ці варта яго ўключаць у праграму беларускім навучэнцам у якасці ўзору беларускай паэзіі? — напісала Бондарава ў сваім тэлеграм-канале.

— Вось як, на Ваш погляд, трэба і далей працягваць гадаваць праз сістэму адукацыі з маладых беларусаў русаненавіснікаў і паланафілаў, якія са спачуваннем ставяцца да змагароў, якія выступаюць за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і ладзілі польскія шляхецкія паўстанні ў 1831, 1861, 1863 гадах? Нам гэта трэба? Што ў нас з інфармацыйнай бяспекай адбываецца? Сабатуем?» — напісала Бондарава.

Уладзіслаў Сыракомля (яго сапраўднае прозвішча — Кандратовіч)— дзеяч культуры і літаратар ХІХ стагоддзя. Нарадзіўся ён у Смольгаве, цяпер гэта Любанскі раён Мінскай вобласці, вучыўся ў Нясвіжы і Навагрудку.

Ягоны верш «Добрыя весці» быў рэакцыяй на «Вясну народаў» 1848 года. Гэта была хваля рэвалюцыйных выступаў, якая пачалася з Францыі і распаўсюдзілася на Германію, Італію, Венгрыю. Падзеі Вясны народаў паспрыялі аб'яднанню італьянцаў і немцаў у адну дзяржаву, а таксама далі штуршок нацыянальнаму абуджэнню чэхаў, славакаў, славенцаў ды іншых народаў Цэнтральнай Еўропы. Тыя падзеі скаланулі Аўстра-Венгерскую імперыю, якая ўтрымалася толькі дзякуючы дапамозе расійскіх войскаў.

На Расійскай Імперыю рэвалюцыйныя падзеі не перакінуліся, але яны мелі вялікі духоўны ўплыў і абудзілі надзеі на нацыянальнае адраджэнне і сацыяльнае вызваленне. Рэвалюцыя 1848-га прывяла да адмены прыгону ў Аўстра-Венгрыі. У Расіі ён пратрымаецца да 1861 годзе, найпазней у Еўропе. 

Верш Сыракомля ўяўляе сабой каштоўны помнік рэвалюцыйнай і антыкаланіяльнай лірыкі. У гэтым ён быў сугучны з паэзіяй іншых паэтаў эпохі, такія, як венгр Шандар Пётэфі ці француз Эжэн Пацье.

Здаровы ж будзьце, эй, добрыя весці!
Там, на Заходзе, праліваюць кроў,
Б'юцца для славы, свабоды і чэсці
I робяць вольных людзей з мужыкоў.

Сыракомля адным з першых пачаў пісаць па-беларуску ў часы, калі наша мова лічылася непрэстыжнай, ніжэйшай адносна польскай і расейскай, у гэтым таксама яго вялікая заслуга.

Вользе Бондаравай пякуць, трэба меркаваць, радкі Сыракомлі, адрасаваныя расійскім акупантам:

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

У той жа традыцыі пазней Янка Купала напісаў свой верш «Беларускім партызанам»:

За пакуты, за кайданы,
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.

У гэтым годзе адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі, якога лічаць сваім народы і Беларусі, і Польшчы, і Літвы. Урад Літве абвясціў 2023 год годам Сыракомлі.

Чытайце таксама: 

Уладзіслаў Сыракомля: вялікі юбілей 2023-га і ягонае «Mы aдвыклi aд вяcны…»

Nashaniva.com