«Крок налева, крок направа». Лукашэнка выказаўся пра пасажырскія перавозкі
Лукашэнка заявіў, што будуць прынятыя адзіныя і строгія правілы для пасажырскіх аўтаперавозак, і прыгразіў крыміналкаю за невыкананне іх.
14.11.2023 / 11:49
Фота: Contributor / Getty Images
«Да гэтага пытання мы падыходзім не толькі і не столькі таму, што быў шэраг здарэнняў на дарогах. Але і таму, што часта ў нашым жыцці існуе шмат напрамкаў і пытанняў неўпарадкаваных. А паколькі гэта бяспека людзей, нашых грамадзян (я ўжо не гавару пра падаткі, злоўжыванняў хапае там), гэтае пытанне падлягае ўпарадкаванню», — адзначыў ён.
Лукашэнка сказаў, што трэба дасканала разабрацца і ўстанавіць адзіныя для ўсіх правілы гульні.
«Строгія, празрыстыя і зразумелыя. Нікога не трэба ціснуць, цкаваць, звальняць і іншае. Правілы гульні аднолькавыя для ўсіх! І для легальных і нелегальных, арганізаваных і неарганізаваных. Па адзіных правілах. Крок налева, крок направа… Вызначыць трэба, якія функцыі бярэ на сябе дзяржава як рэгулятар: як будзе ажыццяўляцца татальны кантроль у гэтай сферы, якія дадатковыя абавязкі з'явяцца ў перавозчыкаў», — заявіў ён.
Лукашэнка дадаў, што пытанне па пасажырскіх аўтаперавозках тычыцца маршрутак, якія курсіруюць у гарадах і паміж населенымі пунктамі, машын таксі.
«У дзяржавы да гэтай сферы ёсць два простыя патрабаванні. Першае — бяспека людзей. Такім відам транспарту карыстаюцца многія нашы грамадзяне і госці краіны. Другое — легальная работа перавозчыкаў. Бо выручку змяншаюць, хаваюць, у канвертах зарплаты плацяць, падаткі не плацяць у шалёных памерах», — сказаў ён.
«Хацелася б, каб Кубракоў разам з Церцелем [кіраўнікі МУС і КДБ] мне далажылі да новага года для прыняцця рашэнняў. Няма чаго з імі размаўляць. Падатак не заплаціў — туды [размова аб прыцягненні да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам]», — дадаў ён.