У Мінабароны Украіны абверглі чуткі пра звальненне трох камандуючых УСУ
«Усе працуюць у штатным рэжыме, рашэнні абмяркоўваюцца ў каардынацыі з Генштабам», — заяўляюць у Мінабароны.
14.11.2023 / 09:45
Аляксандр Тарнаўскі, Сяргей Наеў, Таццяна Асташчанка. Калаж: «Украінская праўда»
У Мінабароны Украіны абверглі ўчорашнюю інфармацыю пра звальненне трох камандуючых Узброенымі сіламі Украіны.
«Адказ на ўсе запісы ад СМІ: Міністэрства абароны не каментуе чуткі або неправераную інфармацыю. Усе працуюць у штатным рэжыме, рашэнні абмяркоўваюцца ў каардынацыі з Генштабам. Інфармацыя, апублікаваная шэрагам СМІ, не адпавядае рэчаіснасці. Трымайцеся, калі ласка, інфармацыйнай гігіены», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны ў фэйсбуку.
Учора «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы паведаміла, што міністр абароны Рустэм Умераў рыхтуе дакументы на звальненне камандуючага медыцынскіх сіл УСУ Таццяны Асташчанкі, камандуючага аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандра Тарнаўскага і камандуючага Аб'яднаных сіл Узброеных сіл Украіны Сяргея Наева.
Паводле УП, на звальненні Асташчанкі настойвалі парамедыкі і валанцёры, якія займаюцца медыцынскім забеспячэннем Сіл абароны.
Аб прычынах звальнення Тарнаўскага, які ўзначальвае адзін з кірункаў Украінскага контрнаступу, не паведамлялася. Тое самае тычылася і Сяргея Наева, прычым, паводле «Украінскай праўды», ён можа стаць адным з галоўных фігурантаў справы, якая тычыцца абароны Херсоншчыны ў 2022 годзе.