Паштовую марку з кур'ёзнай памылкай прадалі з аўкцыёну за 2 мільёны даляраў
Марку купіў вядомы калекцыянер Чарльз Хэк. Ён ужо быў уладальнікам дзвюх «перакуленых Джэні». Першую ён купіў у самым пачатку стагоддзя за 300 тысяч даляраў. Другую — у 2007 годзе амаль за мільён.
14.11.2023 / 07:26
Фота: Spencer Platt / Getty Images
На аўкцыёне ў Нью-Ёрку на мінулым тыдні быў пастаўлены новы рэкорд: паштовая марка «перакуленая Джэні» была прададзена за два мільёны даляраў, піша Бі-бі-сі
Гэта не рэкорд для сусветнай філатэліі наогул — самая дарагая марка, British Guiana, была прададзеная дзевяць гадоў таму за 9,5 млн даляраў — але гэта рэкорд для маркі, выпушчанай у ЗША.
Знакамітая «перакуленая Джэні» была выпушчаная ў 1918 годзе, і намінальны яе кошт складаў 24 цэнты. Унікальнасць гэтай маркі ў тым, што на ёй паштовы самалёт Curtiss JN-4, які празвалі «Джэні», памылкова надрукаваны дагары нагамі.
Работнікі пошты, натуральна, хутка заўважылі памылку, але ліст памерам 100 асобнікаў усё ж паспеў сысці ў абарот — і вось за пакінутыя з гэтых ста асобнікаў калекцыянеры-філатэлісты і гатовыя выкласці гіганцкія грошы.
Два мільёны даляраў за марку на аўкцыёне Robert A Siegel Auction Galleries заплаціў вядомы калекцыянер, 76-гадовы Чарльз Хэк.
Хэк ужо быў уладальнікам дзвюх «перакуленых Джэні». Першую ён купіў у самым пачатку стагоддзя прыкладна за 300 тысяч даляраў. Другую — у 2007 годзе амаль за мільён.
Гэтую апошнюю, якая абышлася Хэку ў два мільёны, філатэлісты доўга не маглі набыць. Староннія вочы не бачылі яе цэлае стагоддзе з моманту выпуску, бо ўладальнік і затым яго спадкаемцы захоўвалі яе ў банкаўскім сейфе — цана гэтай унікальнай маркі ўзляцела ўверх адразу ж пасля выпуску.
Але ў 2018 годзе яе, нарэшце, упершыню прадалі з аўкцыёну.
З-за таго, што гэты асобнік — нумар 49 са ста — за 105 гадоў практычна не бываў на святле, ён захаваўся нашмат лепш за іншыя. «Колеры насычаны, а папера — светлая», — было пазначана ў апісанні маркі, выстаўленай на таргі.
Чарльз Хэк сказаў у інтэрв'ю газеце Washington Post, што мае намер і далей берагчы каштоўную марку ад святла.
Чытайце таксама:
Гадзіннік жыхара Віцебска з «Тытаніка» прадалі на аўкцыёне
Карціну Пабла Пікаса прадалі за 139 мільёнаў даляраў
Ці можна зарабіць на старых рэчах? Паглядзіце, што ў інтэрнэце прадаецца за шалёныя грошы