«Пераследуюць адвакатаў, каб людзі ўспрымалі сваё бяспраўе як норму». Былая адвакатка Ціханоўскага і Бабарыкі зʼехала з Беларусі

Адвакатка Наталля Мацкевіч, якая бараніла палітыкаў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку, разам з мужам Віктарам, таксама былым адвакатам Ціханоўскага і Бабарыкі, зʼехалі з Беларусі. Пра гэта Наталля распавяла «Настоящему времени».

13.11.2023 / 13:48

Наталля Мацкевіч. Фота: асабісты архіў

Сямʼя зʼехала з Беларусі 10 ліпеня 2023 года. Яны паляцелі ў ЕС праз Батумі.

«Мы трымаліся-трымаліся, трымаліся-трымаліся, але сума абʼектыўных патрэб і пагроз прымусіла», — распавядае яна пра адʼезд.

Мацкевіч кажа, што пакуль муж заставаўся ў прафесіі, аб гэтым не думалі. «Але калі яго пазбавілі ліцэнзіі, мы сталі бачыць, што далей тут няма ніякай магчымасці развівацца», — распавяла яна.

Мацкевіч кажа, што знайсці іншую працу мужу не далі б.

«А для мяне стала небяспечна, бо выкладанне, даследаванне патрабуюць, па-першае, свабоды слова. Ты не можаш выкладаць моўчкі. Калі робіш даследаванне, ты павінна яго публікаваць. Гэта такое жыццё, якое патрабуе публічнасці пэўнай і свабоды выказвання меркавання, якой няма ў краіне», — кажа яна.

Калі ў чарговы раз яна вярталася з Вільні і яе выцягнулі ў кабінет на мяжы на размову, сталі глядзець тэлефон і задаваць пытанні, яна зразумела, што такога рэжыму не вытрымае.

«Мне трэба было развівацца, працаваць. А для гэтага патрэбны свабоды.

І вось за гэтую свабоду трэба ахвяраваць наседжаным месцам. Не кажучы ўжо пра пагрозы. Такое ўражанне, што рэпрэсіі дойдуць да кожнага колькі-небудзь вядомага сваімі поглядамі чалавека. І потым стала думаць, што да цябе раніцай пастукаюць, — гэта не зусім звычайны чалавечы стан», — гаворыць яна.

У інтэрвʼю Мацкевіч гаворыць, што адвакаты паказалі сябе як сіла: «Падпісалі больш за дзясятак публічных петыцый — і проста ў абарону, супраць гвалту, і ў абарону сваіх затрыманых калегаў». У іх улады, паводле яе, пабачылі такую ж сілу, як у праваабаронцах, таму вырашылі «некалькіх пасадзіць, каб напалохаць усіх».

«Наогул, мне падаецца, яшчэ і для таго пераследуюць адвакатаў, каб людзі ўспрымалі сваё бяспраўе як норму. Людзі зараз пазбаўленыя любой магчымасці выказаць сваё меркаванне нейкім чынам, не кажучы ўжо пра сходы. Каб не хадзілі па вуліцах і нічога не казалі, бо «вам ніхто не дапаможа і ў вас не будзе нават адваката», — гаворыць яна.

Наталлю Мацкевіч выключылі з калегіі адвакатаў падчас працэсу над Сяргеем Ціханоўскім 25 кастрычніка 2021 года. Пасля пазбаўлення ліцэнзіі яе кліентаў па палітычных справах абараняў муж. Яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі ў снежні 2022 года.

Чытайце таксама:

«Людзі аказаліся важнейшымі за ўласныя страхі». Вядомая адвакатка Наталля Мацкевіч пра ААН і Ціханоўскага, справу Бабарыкі і будучыню права ў Беларусі

Nashaniva.com