Павел Латушка назваў колькасць ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі з 2020 года — 136 тысяч

Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка ўзяў учора ўдзел у панэлі інаўгурацыі Беларускай канферэнцыі ў Таліне.

11.11.2023 / 07:50

Мінск. 10 жніўня 2020 года. Фота: «Наша Ніва»

На адкрыцці мерапрыемства Павел Латушка адзначыў, што дэмакратыя пачынаецца з адказнасці, а 2020 год даў магчымасць беларусам узяць адказнасць за свой цывілізаваны выбар. Аднак права беларускага народа на свабодны выбар было перакрэслена гвалтам і рэпрэсіямі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў.

«Супраць беларусаў была ўжыта сіла, але беларусы не адказалі на гэта гвалтам. Мы, беларусы, узялі адказнасць за цывілізаваны выбар. Мы адказныя і сёння, не перакладваем гэтую адказнасць на іншых. Але ці дэмакратычны свет узяў адказнасць за Беларусь? На жаль, не», — з сумам канстатаваў экс-міністр культуры і экс-кіраўнік Купалаўскага тэатра.

Таму, па яго словах: стратэгія на сённяшні дзень — зрабіць усё, каб на падставе сабраных матэрыялаў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці.

«Злачынствы супраць украінскіх дзяцей, ваенныя злачынствы, 136 тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці ў перыяд з мая 2020 па май 2023 года — матэрыялы перадаюцца ў Міжнародны крымінальны суд. Справы ў нацыянальных юрысдыкцыях па фактах гвалту ў адносінаў да беларусаў. Што перашкаджае прыцягненню да адказнасці? На мой пункт гледжання як юрыста — нічога. Патрэбна палітычная воля. Зрабіце адзін крок», — зазначыў палітык.

Павел Латушка назваў гэта тэстам на дэмакратыю, які праходзіць не толькі беларускі народ, але і Еўрапейскі саюз.

«Дэмакратыя не пераможа, пакуль не наступіць адказнасць», — рэзюмаваў кіраўнік НАУ. 

Чытайце таксама:

НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд дадатковыя дакументы, датычныя вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей

Начальнікі Акрэсціна, жодзінскай турмы… Стала вядома, якіх лукашэнкаўскіх сілавікоў абвясцілі ў міжнародны вышук

«Сур'ёзны сігнал усёй сілавой сістэме». Сілавікі Лукашэнкі аб’яўлены ў вышук

Nashaniva.com