Спецслужбы здзерлі мільён рублёў з грамадзяніна Казахстана за данат у тысячу даляраў у 2020-м
Следчы камітэт працягвае пераслед тых, хто пераводзіў грошы ў фонды салідарнасці з ахвярамі рэпрэсій ці падтрымліваў рублём пратэсныя ініцыятывы. Сёння пра гэту «працу» напісала «СБ. Беларусь сегодня».
10.11.2023 / 17:28
Дзмітрый Слук. Калаж: «СБ»
Адных караюць вялізарнымі тэрмінамі, іншым — даюць адкупіцца.
Старэйшы следчы Следчага ўпраўлення УСК па Мінску Андрэй Шчаглоў распавёў пра прысуд Дзмітрыю Слуку, якому за данат «Кіберпартызанам» у 0,4 біткоіна (на момант пераводу — каля 2 000 даляраў) прысудзілі 8,5 года пазбаўлення волі.
«Надаючы кваліфікацыю тым ці іншым дзеянням чалавека, мы ў першую чаргу вывучаем яго асобу і ступень яго радыкальнай скіраванасці. Мы высветлілі, што Слук сачыў за дзейнасцю дадзенага фармавання, падтрымліваў яго, таму і адпраўляў грошы», — растлумачыў следчы логіку, чаму адныя плацяць велізарныя адкупныя за данаты, а іншых кідаюць у турму.
Следчы настойвае на тым, што не мае значэння, калі арганізацыя прызнана экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай. «Прызнанне іх такімі — гэта вынік дзейнасці, а не адпраўны пункт для кваліфікацыі дзеянняў. Па законе адказнасць надыходзіць за фінансаванне дзейнасці, але ніяк не канкрэтнага фармавання», — малазразумела тлумачыць ён.
Але ёсць тыя, каму даюць адкупіцца, праўда, шалёнымі грашыма. У артыкуле гэта называецца «правам на памылку».
Менеджара па продажах Ягора Чырэйчыка, які заданаціў у адну з арганізацый 100 даляраў, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, «далі магчымасць раскаяцца і вярнуцца да жонкі і малалетняга дзіцяці».
— У яго быў адзін плацеж, а падчас следчых мерапрыемстваў мы прыйшлі да высновы, што ён не радыкал, а чалавек, які проста спатыкнуўся. Ён прызнаў памылку.
«Мужчына пералічыў больш за 30 тысяч беларускіх рублёў на рахунак арганізацыі, якая ўзяла на сябе клопаты, звязаныя з выхаваннем больш за 280 дзяцей-сірот», — распавёў Андрэй Шчаглоў.
Яшчэ адзін прыклад «гуманізму» сістэмы. Аляксандр Дарафееў, грамадзянін Казахстана, «паспяховы айцішнік», які ў Беларусь пераехаў у 2019-м, зрабіў у 2020 годзе данат больш за тысячу даляраў.
«Яго затрымалі. Аднак ужо на допытах Дарафееў прызнаў віну, шчыра раскаяўся і добраахвотна пералічыў на разліковы рахунак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі больш за мільён беларускіх рублёў!» — піша выданне.
«Аднак для тых, хто свядома вырашыў парушыць закон, ніякіх патуранняў не будзе», — дадае прапаганда.
Чытайце таксама:
За данаты беларускім добраахвотнікам ва Украіне праграмісту далі шэсць гадоў калоніі
Беларусы расказалі, як на мяжы іх прымушалі прызнацца ў данатах