Сёння ЦВК паказала лагатып выбарчай кампаніі 2024 года. І гэта падобна да дыверсіі
Сёння ЦВК пафасна анансавала лагатып так званай выбарчай кампаніі 2024 года. Але зноў усё пайшло не па плане.
09.11.2023 / 23:29
«Распрацоўка лагатыпа — толькі адзін са складнікаў шматэтапнай працы, якая праводзіцца ЦВК Беларусі па інфармаванні грамадзян аб маючых адбыцца выбарах дэпутатаў у адзіны дзень галасавання», — распавёў на пасяджэнні ЦВК Беларусі намеснік начальніка арганізацыйнага аддзела апарата ЦВК Сяргей Шмарлоўскі.
«Асноўны візуальны пасыл — выява дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і напісанне чырвоным і зялёным колерамі тэксту «адзіны дзень галасавання», што, паводле ЦВК, «сімвалізуе агульнарэспубліканскі характар мерапрыемства, незалежнасць і свабоду выбару пры прыняцці рашэння ў дзень галасавання».
Свабоду выбару прадставілі так: «птушачка» — гэта «знак згоды, ️ часцей за ўсё прастаўляецца выбаршчыкамі ў бюлетэнях для галасавання, зʼяўляецца адным з элементаў геральдычных сімвалаў Цэнтральнай выбарчай камісіі».
Дынамічны ж нахіл шрыфту, паводле распрацоўшчыкаў, паказвае «накіраванасць у будучыню, паступальнае развіццё краіны, стварэнне ў імя будучых пакаленняў праз усвядомлены выбар кожнага грамадзяніна».
Апроч спрэчных дызайнерскіх вынаходніцтваў, беларусы знайшлі тут адно бясспрэчнае — прыдуманы сцяг Беларусі. Такога сцяга не існуе, звярнула ўвагу Вікторыя Пальчыс.
Вертыкальная арнаментная паласа павінна быць чырвонага колеру на белым фоне.
Так выглядае сучасны афіцыйны сцяг Беларусі
Такі лагатып можна ацаніць як здзек з дзяржаўных сімвалаў.
У тэлеграме лагатып хутка выправілі. А вось на афіцыйным сайце па-ранейшаму вісіць памылковы варыянт.