У МПЗ назвалі маркі машын, на якія могуць вырасці стаўкі транспартнага падатку
У краіне могуць павялічыць стаўкі транспартнага падатку на асобныя маркі машын, як лічыць МНС, «павышанай камфортнасці». Навацыі могуць закрануць аўтамабілі, з даты выпуску якіх не прайшло трох гадоў.
09.11.2023 / 18:09
Фота: vecteezy.com
Для іх стаўку падатку прапануецца павялічыць у 10 разоў, піша БЕЛТА.
Начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Андрэй Кавалеўскі расказаў аб марках аўтамабіляў павышанай камфортнасці, на якія, магчыма, павялічаць стаўкі транспартнага падатку.
Паводле яго, гэта можа закрануць амаль 2 тысячы машын.
«Пералік будзе вызначацца ўрадам, туды ўвойдуць прэміяльныя маркі. Можна смела назваць «Ферары», «Мазэраці», «Майбах», асобныя мадэлі марак «Мэрсэдэс», «БМВ», «Аўдзі». Трэба памятаць, што ў некаторых брэндаў ёсць і звычайныя лінейкі транспартных сродкаў, якія будуць абкладацца звычайнай стаўкай», — сказаў Андрэй Кавалеўскі.