Паўла Мажэйку этапавалі ў калонію. Якую — пакуль невядома

Палітзняволенага гродзенскага журналіста Паўла Мажэйку адправілі этапам з СІЗА ў папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта паведаміла яго жонка Ірына Чарняўка, піша БАЖ.

09.11.2023 / 15:09

У якой калоніі будзе адбываць прысуд журналіст — пакуль невядома. Як і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.

17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч, асуджаных да зняволення па абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Абодвух сёлета 26 ліпеня Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да 6 гадоў калоніі, прычым Паўла — ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэты вырак Вярхоўны суд пакінуў у сіле.

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Гродне па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Пасля затрымання ў ягонай кватэры і ў кватэры ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. У чым журналіста вінавацілі, доўгі час не было вядома, бо адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб неразгалошванні. Тое, што яму інкрымінавалі «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса), стала вядома толькі ў сакавіку 2023 года.

Паводле следства, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асоб следства не высветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.

Справу журналіста і адвакаткі ў Гродзенскім абласным судзе разбіраў суддзя Максім Філатаў, сумнавядомы сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах. Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Павел Каршуновіч падтрымаў вырак.

Чытайце таксама:

«Была маленькая, а цяпер зусім схуднела». Адвакатку Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку адпраўляюць «на этап»

«Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця». Журналіст Павел Мажэйка патлумачыў матывы паводзін на судзе

Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў калоніі

Nashaniva.com