Вынеслі прысуд айцішніку, затрыманаму пасля атакі на самалёт у Мачулішчах
Дзмітрыя Маставога абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
09.11.2023 / 14:00
Па гэтых артыкулах яму пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядаў Брэсцкі абласны суд, заўтра ў Вярхоўным судзе будзе разгледжана апеляцыя. Паседжанне будзе закрытае. На інфармацыю пра гэта звярнуў увагу Reform.by.
Афіцыйна пра прысуд не паведамлялася, але як даведаўся Dissidentby, Дзмітрыю далі 10 гадоў калоніі.
Дзмітрыя Маставога затрымалі ў пачатку сакавіка 2023 года. У фільме «Гаспар на сувязь не выйшаў» на тэлеканале АНТ, які выйшаў 5 красавіка, сцвярджалі, што Дзмітрый нібыта прапаноўваў «Беларускаму Гаюну» зліваць інфармацыю аб аэрадроме: ён наладзіў трансляцыю з ноўтбука праз скайп, яна ішла два тыдні без перапынку. Яго затрымалі, калі ён нібыта забіраў камеру са схованкі. «Беларускі Гаюн» пазней заявіў, што Маставы не вёў для іх трансляцыю.
Дзмітрый Маставы. Фота: сацсеткі
Дзмітрыю Маставому 45 гадоў. Ён родам з Сеніцы, вучыўся ў Політэхнічным каледжы ў Мінску, прафесійны праграміст.
Вядома, што Дзмітрыя затрымлівалі тры гады таму, у кастрычніку 2020 года, падчас пратэстаў і асудзілі на суткі.