Ад супертрыперу нарэшце знайшоўся лек

Новае выпрабаванне прэпарату заліфладацын (zoliflodacin) паказала, што ён можа эфектыўна лячыць бактэрыяльную інфекцыю, якая на сённяшні дзень стала ўстойлівай амаль да ўсіх даступных лекаў.

10.11.2023 / 00:46

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ганарэя, выкліканая бактэрыяй Neisseria gonorrhoeae, адна з найбольш распаўсюджаных інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам (ІППШ) ва ўсім свеце.

Сімптомы могуць быць вельмі трывожнымі і ўключаюць вылучэнні жаўтаватага колеру з палавых органаў, крывацёк пры мачавыпусканні, апухлыя яечкі ў мужчын і крывацёк паміж менструацыямі ў жанчын. Калі захворванне не лячыць, яно можа выклікаць бясплоддзе, павялічыць рызыку заражэння іншымі ІППШ і нават прывесці да такіх ускладненняў, як слепата ў нованароджаных, якія заразіліся ад маці.

Хвароба калісьці лёгка паддавалася лячэнню пеніцылінам. Але за апошнія дзесяцігоддзі ганарэя папрацавала над сабою і стала ўстойлівая да амаль усіх антыбіётыкаў, якія выкарыстоўвалі супраць яе мінулыя пакаленні.

Нядаўна дактары пачалі сутыкацца з выпадкамі ганарэі, якія выяўляюць устойлівасць нават да найноўшых лекаў. Існуе і шмат іншых мікробаў, устойлівых да сённяшніх прэпаратаў, але ганарэя сапраўды можа стаць адной з першых супербактэрый, якія шырока распаўсюдзяцца сярод грамадства ў не вельмі аддаленай будучыні.

Працяглы крызіс антыбіётыкаў, выкліканы ўстойлівасцю бактэрый, прымусіў многіх навукоўцаў і даследчыя арганізацыі шукаць новыя сродкі лекавання. У ідэале новыя прэпараты маюць не толькі працаваць па прызначэнні, але змагацца з інфекцыямі прынцыпова новым спосабам у адрозненне ад існуючых антыбіётыкаў, падаўжаючы тым самым час, неабходны бактэрыям для выпрацоўкі ўстойлівасці. І здаецца, што прэпарат заліфладацын адпавядае абодвум гэтым крытэрам.

Прэпарат распрацоўваецца некамерцыйнай арганізацыяй Global Antibiotic Research & Development Partnership (GARDP) у супрацоўніцтве з Entasis Therapeutics, філіялам фармацэўтычнай кампаніі Innoviva. У пачатку лістапада GARDP абвясціла аб выніках апошняга і найбуйнейшага даследавання заліфладацыну — III фазы клінічнага выпрабавання.

У выпрабаванні ўзялі ўдзел больш за 900 чалавек у пяці краінах з дыягнаставанай няўскладненай ганарэяй або інфекцыяй без іншых фактараў рызыкі, такіх, як цяжарнасць. Гэтыя пацыенты былі выпадковым чынам размеркаваны на прыём аднаразовай пераральнай дозы заліфладацыну або камбінацыі двух іншых антыбіётыкаў (цэфтрыаксону і азітраміцыну, якія выкарыстоўваюцца для звычайнага лячэння ганарэі). Дарэчы, як паведамляе Gizmodo, некаторыя краіны (напрыклад, ЗША) пачалі рэкамендаваць толькі цэфтрыаксон у якасці лячэння ганарэі, бо рэзістэнтнасць да азітраміцыну вырасла).

Выпрабаванне дасягнула сваёй асноўнай мэты: заліфладацын, здаецца, забіваў інфекцыю гэтак жа добра, як цэфтрыаксон і азітраміцын. Прэпарат таксама добра пераносіўся, і не было зарэгістравана ніякіх сур'ёзных пабочных эфектаў або смерцяў, звязаных з яго выкарыстаннем. Іншыя даследаванні паказалі, што заліфладацын выкарыстоўвае новы механізм для знішчэння бактэрый ганарэі і што ён можа супрацьстаяць устойлівым да лекаў штамам. Такім чынам, вынікі атрымаліся нават лепшымі, чым можа здацца на першы погляд.

Высновы павінны быць яшчэ правераныя навукоўцамі з іншых інстытутаў і рэгулюючымі органамі. Калі праверка пройдзе паспяхова, заліфладацын выйдзе на шлях да зацвярджэння. Такім чынам, ён можа стаць першым новым лекам ад ганарэі, паспяхова распрацаваным за апошнія дзесяцігоддзі. Таксама сродак вывучаецца ў якасці лячэння іншых ІППШ, такіх як хламідыёз.

GARDP тым часам ужо атрымала правы на камерцыялізацыю прэпарату ў трох чвэрцях краін свету, уключаючы большасць краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходу. Entasis будзе валодаць правамі на асноўных рынках астатніх краін, уключаючы ЗША. У ідэале гэта будзе азначаць, што заліфладацын будзе адносна даступным у тых месцах, дзе гэта найбольш неабходна. Іншым важным фактарам будзе неабходнасць дазаваць прэпарат і выкарыстоўваць яго толькі тады, калі іншыя метады лячэння не працуюць, каб устойлівасць да яго заставалася нізкай як мага даўжэй.

Чытайце таксама:

Пазбегнуць заражэння інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам, дапамагае даўно вядомы антыбіётык

Ці сапраўды пасля сэксу трэба памачыцца? Дактары не пэўныя

«Ён здрадзіў і прынёс мне інфекцыю, якая не лечыцца. Цяпер да канца жыцця піць таблеткі!» Беларусы расказалі, як перажылі здраду ў адносінах і як здраджвалі самі

Nashaniva.com