«А як мы яго пра***лі?» Падрабязнасці трэш-стрыму ў Віцебску, у выніку якога памёр чалавек

Увечары 5 лістапада падчас віцебскага трэш-стрыму памёр чалавек. Ён страціў прытомнасць пасля таго, як нагбом выпіў бутэльку гарэлкі. Запіс трансляцыі хутка выдалілі, але яе фрагменты трапілі ў сацсеткі.

08.11.2023 / 18:59

Вядучы (злева) і Аляксей (Шлюз). Скрын відэа з сацыяльных сетак

Зʼесці капусны ліст, у які загорнута зубная паста і кашачы корм

Часткі відэастрыму, які скончыўся трагедыяй, з'явіліся ў адным з тэлеграм-каналаў.

У стрыме брала ўдзел каля дванаццаці чалавек. Сярод іх чатыры жанчыны. Частка ўжо была нападпітку, як заўважыў вядучы, «падзараджаныя».

Гледачы маглі за данаты папрасіць ўдзельнікаў не толькі патанцаваць, але і здзейсніць розныя трэшавыя учынкі. Напрыклад, зʼесці пакунак корму для катоў Whiskas, пакаштаваць апарышаў ці чарвякоў.

Сярод падрыхтаванага рэквізіту былі аднаразовыя брытвы (для брыцця ног мужчын), перац, цыбуля, капуста, малако, піва, віно, зубная паста і шпрыцы па 50 і 100 мілілітраў. Вядучы распавёў, што «у гэты шпрыц заганяецца гарэлка з перцам». «Яна так горла дзярэ добра. Я на тым стрыме пакаштаваў. Жорстка».

Хутка знайшоўся жадаючы пакаштаваць Whiskas. За даплату ён не толькі еў, але і мяўкаў. Затым запіў малако са сподачка.

Адзін з гледачоў прапанаваў заплаціць дзве з паловай тысячы расійскіх рублёў (амаль 70 беларускіх) за тое, каб канкрэтны ўдзельнік стрыму зʼеў капусны ліст, у які была б загорнута зубная паста, кашачы корм з пакунку Whiskas, соль і перац. І замова была выканана.

Гледачы прасілі асобных удзельнікаў распавесці пра сябе, сваю мару, зрабіць надпіс маркерам на лбе.

Чакаючы новых замоваў, удзельнікі рабілі стаўкі на вынікі футбольных матчаў, адно аднаму «давалі лася», мераліся сілаю і вялі пустыя размовы. За грошы ўдзельнікі таксама танцавалі.

«Спакойнай ночы, Шлюзік»

У нейкі момант прыйшло паведамленне: «Спакойнай ночы, Шлюзік. Як «белачка» прыйдзе, прасынайся, рабі кантэнт». Ад удзельніка па мянушцы Шлюз (Аляксей Куціс) патрабавалася выпіць 200 грам гарэлкі. За гэта давалі каля 70 беларускіх рублёў (стаўка зноў называлася ў расійскіх рублях). Як толькі папяровы кубачак з гарэлкаю стаў пусты, паступіла прапанова паўтарыць за столькі ж грошай.

Пасля таго, як Шлюз выпіў другі раз і запіў ліманадам, удзельнікі стрыму заўважылі, што яму не вельмі добра. «Лёха, ты да дому дойдзеш?» — спытаў адзін. «Лёха, ты жывы?» — захваляваўся іншы. Было відавочна, што мужчыне нядобра. Ён папрасіў вады.

Але на гэтым не спыніліся. Ад гледачоў паступіла прапанова, каб Шлюз дапіў бутэльку. За гэта заплацілі пад 35 рублёў.

Прапанова дапіць бутэльку. Скрын відэа з сацыяльных сетак

З цяжкасцю мужчына выпіў. Але ён не пайшоў спаць, а пачаў танцаваць разам з прысутнай жанчынаю пад песню, якая была замоўлена і аплачана да гэтага. Але гледачы патрабавалі, каб Шлюз заснуў. Вядучы абмяркоўваў, дзе лепш пакласці мужчыну.

Праз хвілін дзесяць, калі скончыліся танцы, удзельнікі адчулі непрыемны пах. Спачатку падумалі на Шлюза, але пасля вырашылі, што пах ад іншага ўдзельніка стрыму, які таксама напіўся і яго за некалькі мінут да гэтага вывелі з пакою.

Танцы працягнуліся. «Бе-ла-русь!» — скандзіравалі мужчыны пад песню «Мама Беларусь».

У нейкі момант вырашылі пабудзіць Шлюза. Бачачы, што нічога не атрымліваецца, Шлюза сцягваюць з канапы, і ў гэты момант адна з жанчын заўважае: «Еб***, ён сіні».

«Не цягніце!», «Ой, мамачка», — чуваць галасы.

«Выклікай хуткую!» — крычыць вядучы.

«Перавярніце яго», — раіць адна з жанчын.

«Бі па мордзе», — прапануе нейкі мужчына. Чуваць, што яго прапанова выконваецца. Нехта інтэнсіўна бʼе.

«А як мы яго пра***лі?» — чуваць голас вядучага.

«Ну зрабі што-небудзь», — просіць нехта.

«Мы не ведаем», — чуваць у адказ.

Адна з жанчын пачынае крычаць.

«Трэба ў грудзі біць», — прапануе нейкі мужчына.

Жанчына працягвае біць памерлага па шчаках.

«Тут стрым, як выключыць? Хутчэй», — чуваць голас нейкага мужчыны і відэа заканчваецца.

Сёння Аляксея Куціса пахавалі.

Чытайце яшчэ:

«Ён проста сіні ўжо». У Віцебску падчас трэш-стрыму памёр чалавек

Расійскаму блогеру за смерць дзяўчыны падчас стрыму далі шэсць гадоў калоніі

Nashaniva.com