Брытанцы падтрымалі допуск беларускіх і расійскіх атлетаў на Гульні-2024 ў нейтральным статусе

Цяпер рашэнне — за Міжнародным алімпійскім камітэтам.

08.11.2023 / 16:29

Летнія алімпійскія гульні ў 2024 годзе пройдуць у Парыжы. Фота: Michel Euler / AP

Выканаўчы дырэктар Брытанскай алімпійскай асацыяцыі Эндзі Энсан заявіў, што БАА і ўся алімпійская зборная Вялікабрытаніі падтрымліваюць прысутнасць беларускіх і расійскіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях 2024 гады ў Парыжы ў нейтральным статуце, піша Прессбол.

Энсан дадаў, што канчатковае рашэнне цалкам за Міжнародным алімпійскім камітэтам.

«Розніца паміж Токіа і Гульнямі ў Парыжы будзе відавочная. Любы прысутны расійскі або беларускі спартсмен будзе выступаць як незалежны, у нейтральным статусе. Такія бягучыя правілы, і мы задаволены гэтым.

Расійцам забаранілі ўдзельнічаць у шматлікіх міжнародных турнірах напярэдадні Парыжа, таму не так ужо шмат тых, хто зможа прайсці кваліфікацыю. Нават калі ў Парыжы будзе некалькі незалежных расійскіх спартоўцаў, мы чакаем, што іх будзе да 100 чалавек, а не тых 400, якія былі ў Токіа. Мы не хочам, каб спартсменаў увесь час каралі за канфлікты, якія адбываюцца па ўсім свеце, таму, як нацыянальная асацыяцыя, мы падтрымаем гэтае рашэнне», — заявіў Энсан у інтэрв'ю Sky Sports News.

Рашэнне аб тым, ці дапускаць спартсменаў з Расіі і Беларусі ў любым выглядзе да ўдзелу ў Гульнях налета, МАК яшчэ не прыняў.

Чытайце таксама:

Гэты сусед Беларусі хоча правесці зімовую Алімпіяду разам са Швецыяй

Зімовая Алімпіяда ўпершыню пройдзе на тэрыторыі некалькіх краін

ІІХФ уключыла хакейныя зборныя Беларусі і Расіі ў раскладку Алімпіяды-2026. Пры адной вядомай умове

Nashaniva.com