Фільм «Радзіма» атрымаў намінацыю на Еўрапейскую кінапрэмію
Еўрапейская кінаакадэмія абвясціла намінантаў у асноўных катэгорыях 36-й кінапрэміі. Сярод іх фільм беларускіх аўтараў.
08.11.2023 / 14:51
У намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм» трапіла праца беларускіх рэжысёраў «Радзіма». Фільм, створаны Ганнай Бадзякай і Аляксандрам Міхалковічам, распавядае гісторыю маладога салдата і маці, чый сын загінуў у войску, паведамляе «Будзьма».
Таксама ў намінацыі: «Apolonia, Apolonica» (рэжысёр Леа Глоб (Данія, Польшча), «Чатыры дачкі» (рэжысёр Каўнтэр Бен Хана (Францыя, Туніс, Германія, Саудаўская Аравія), «На Адаманце» (Нікаля Філібер, Францыя, Японія), «Сястрыцтва з лазняй па-чорнаму» (Ганна Хінтс, Эстонія, Францыя, Ісландыя).
Гэта не першая адзнака для фільма «Радзімы»: раней карціна ўжо атрымала ўзнагароду DOX: AWARD на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Капенгагене, а таксама была адзначана прызам ад Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI у Вісбадэне.
Убачыць фільм можна на фестывалі беларуска-ўкраінскага кіно «1084. На мяжы» і на форуме кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне».