«Дзве сістэмы тармажэння». Чаму адбылася аварыя на шахце «Беларуськалія»

3 лістапада на Другім рудаўпраўленні «Беларуськалія» ў Салігорскім раёне сарвалася шахцёрская клець (кабіна для спуску і пад'ёму шахцёраў). У ёй знаходзіліся 5 работнікаў прадпрыемства. Усе яны атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Рэсурс salidarnast.info спытаў у дзейнага і былых работнікаў прадпрыемства пра магчымыя прычыны здарэння.

08.11.2023 / 14:35

Фота з месца здарэння 3 лістапада

Афіцыйная версія здарэння

Алег Кратовіч, намеснік галоўнага інжынера ААТ «Беларуськалій» даў з нагоды здарэння невялікі каментар БЕЛТА. Паводле яго, калі рабіліся тэхнічныя захады, каб запусціць машыну, што была аварыйна спынена тэхналагічнай абаронай, клець нечакана пачала адвольна апускацца ўніз.

Следчы камітэт завёў крымінальную справу па ч. 2 арт. 306 КК (парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання дзвюм або больш асобам). Да расследавання падключыўся і праўладны «Белхімпрафсаюз».

«Гэтая сітуацыя будзе індыкатарам стаўлення да людзей»

Работнік «Беларуськалія» даў рэсурсу каментар на ўмовах ананімнасці. Ён кажа, што «адбылося тое, што адбываецца даволі часта», — выключылася ўся электрыка, якая сілкуе ўсе пад'ёмныя прылады.

Звычайна, паводле яго, гэта адбываецца праз старэнне абсталявання. А яшчэ — з-за эканоміі электраэнергіі.

«Паколькі пікавыя нагрузкі пры ўключэнні гэтых электраматораў вельмі вялікія, выбівае апаратуру. Таму часта кажуць — выбіла пад'ёмную машыну. Я сам асабіста некалькі разоў знаходзіўся ў клеці, калі такое здаралася. Ты едзеш у клеці, і яна рэзка спыняецца, людзі падаюць на калені, і нават пры гэтай сітуацыі можна лёгка атрымаць траўму, калі клець апускаецца з хуткасцю 5 метраў на секунду. Імкнуцца не перавышаць больш за шэсць метраў за секунду. Апошнія 30 метраў да нулявой адзнакі і 30 метраў да гарызонту стаяць чуйнікі, якія спыняць клець, калі яна будзе ісці больш за 1 метр на секунду», — распавядае ён.

Ён распавядае, што ў сістэме пад'ёмнай машыны прадугледжаны дзве незалежныя сістэмы тармажэння, яны сілкуюцца ад розных крыніц энергіі. Адна з сістэм — механічная, з прынцыпам пнеўмаакумулятара. «Усе сістэмы павінны працаваць у прынцыпе аўтаматычна. Але ў якім яны былі стане і чаму не працавалі, я сказаць не магу», — гаворыць суразмоўца.

«Быў яшчэ канцавік абароны ад пераапускання. Праходзячы адзнаку, на якой клеці быць не павінна, яна сваім корпусам націскае рычаг, а ён павінен затармазіць барабан з тросам», — дадае ён. «Значыць, нехта ўлез і нічога не працавала», — мяркуе ён.

Паводле яго, прычына здарэння — у састарэлым абсталяванні.

«Ведаю, што раней казалі аб плане мадэрнізацыі ўчастка «Пад'ём» у 2025 годзе. Яны збіраліся яго мяняць, ён на каленях, па сутнасці. А прычына бяздзейнасці — фінансавы бок пытання.

План капітальнага рамонту пад'ёмных установак, па сутнасці, прадугледжвае спыненне работы рудніка. На тэрмін ад 3 месяцаў, умоўна кажучы.

Ты губляеш альтэрнатыўны і бяспечны выезд людзей з забою, таму працы спыняюцца», — тлумачыць ён.

Другі ствол на Другім рудаўпраўленні ўжо знаходзіўся ў рамонце, і адміністрацыя прымала меры па яго мадэрнізацыі. Гэта сведчыць аб тым, што адміністрацыі было вядома аб зносе і стане абсталявання. А гэтыя спробы для выпраўлення няспраўнасцяў былі недастатковыя.

«Калі б вы зайшлі на «Пад'ём» зараз і зірнулі на абсталяванне, то зразумелі б, у якім яно стане. Дзесяціразовы пласт фарбы на даўно маральна і фізічна састарэлым абсталяванні. Усё абсталяванне ўводзіцца праз акты прыёмкі. Тэрмін службы гэтых машын даўно сышоў. Збіраецца камісія, якая выдае акт аб тым, што абсталяванне павінна быць спісана, але прыдатна для эксплуатацыі. Тэрмін яго эксплуатацыі падаўжаецца на год, два і г. д. Сябры камісіі — звычайна гэта галоўныя механікі, начальнікі «Пад'ёму» і нехта з інспектараў ТБ. І каб хтосьці не ведаў, у якім стане абсталяванне знаходзіцца — проста смех. Яны добра гэта ведалі», — кажа ён.

Шахцёр гаворыць, што праблема і самім працаўнікам вядомая і звыклая. «Занадта замыленае вока на гэтую сітуацыю ў саміх людзей», — тлумачыць ён, чаму самі людзі не будуць патрабаваць зменаў.

Не верыць ён і «Белхімпрафсаюзу».

«Гэты прафсаюз абсалютна нічога не будзе рабіць. Будзе замоўчваць сітуацыю і не стане выносіць прэтэнзію наймальніку, што гэта яго глабальная памылка: не цэха і не спецыяліста, а ўсяго прадпрыемства. Сродкі прадпрыемства накіроўваліся на пашырэнне новых магутнасцей, новых руднікоў, але пры гэтым на мадэрнізацыю старога абсталявання або рамонт грошы фактычна не траціліся.

Таму «Белхімпрафсаюз» не стане выносіць смецце з хаты, а прыме версію Следчага камітэта ці адміністрацыі прадпрыемства. Будуць супакойваць людзей», — мяркуе ён.

Як далей будзе развівацца сітуацыя, лічыць суразмоўца, стане індыкатарам стаўлення да людзей.

«Па ім можна будзе казаць пра стаўленне кіраўніцтва «Беларуськалія» да сваіх работнікаў. Калі гэты выпадак не пацягне за сабой замены абсталявання, то я не ведаю, што павінна было б адбыцца, каб яго замянілі», — рэзюмуе ён.

«Бачым, але заплюшчваем вочы»

Сяргей Чаркасаў, шахцёр на пенсіі, экс-старшыня Першаснай прафсаюзнай арганізацыі БНП на ААТ «Беларуськалій», віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП), ліквідаванага ўладамі ў 2022 годзе, кажа, што прычын здарэння можа быць некалькі.

«Па словах работнікаў, гэта састарэлае абсталяванне, знос і адсутнасць запчастак. Аднак ёсць рэгламент працы ствала, праверак і агляду, паводле якога абсталяванне дапускаецца да эксплуатацыі, то-бок абсталяванне і абарона знаходзяцца ў спраўным стане. Значыць, мае месца чалавечы фактар: бачым, усё разумеем, абсталяванне зношанае, рамантаваць няма чым, але мы заплюшчваем на гэта вочы — працуе і працуе. Але, як бачым, да часу», — гаворыць ён.

Ён не верыць у жаданне афіцыйнага «Белхіпрафсаюза» абараніць рабочых і паўплываць на сітуацыю. Не верыць і ў магчымасці саміх рабочых.

«Цяпер у Беларусі працуе прынцып: я — начальнік, ты — дурань. Не кожны працоўны знойдзе ў сабе смеласць пайсці супраць кіраўніцтва прадпрыемства, знаходзячыся ў бяспраўным становішчы. У тым ліку без прафсаюзнай абароны.

Цяпер тамака [на Беларуськаліі] вырашчана гендырэктарам Галаватым плеяда маладых, агрэсіўных, усёведных і патрабуючых беспярэчнага падпарадкавання кіраўнікоў. Таму там усё сумна. Не думаю, што працоўны можа істотна на нешта там паўплываць», — кажа ён.

«З гаўна і палак, па класічнай шахцёрскай схеме, рабілі чарговыя рамонты»

Віктар Гурыновіч, былы шахцёр, выказаўся наконт гэтага ў фэйсбуку.

«Мая гіпотэза такая. Прыйшло новае пакаленне маладых начальнікаў, якім трэба хутка і многа, без цікавасці, як гэта будзе рэалізоўвацца.

Апошнія 10 гадоў стаўка робіцца толькі каб выграбаць, пажадана рэкордным тэмпамі. Укладвацца ў рамонты, мяняць абсталяванне і кантраляваць бяспеку ў планы кіраўніцтва насамрэч не ўваходзіць. Усё гэта падмяняе дэмагогія і паказуха, тут сакрэту няма.

Дык вось, ёсць такая прафесія — ствалавы аглядчык, ён з механікам і электрамеханікам участка «Пад'ём» мусіць кантраляваць элементы тармазной сістэмы бяспекі пад'ёмных механізмаў. Відаць, праблемы былі, і я ўпэўнены, што начальству ўчастка «Пад'ём» паведамлялі. Чаму не адрэагавалі?

Варыянтаў некалькі. Першы — не было на што мяняць стары парашут. Таму, як заўсёды, з гаўна і палак, па класічнай шахцёрскай схеме, рабілі чарговыя рамонты, якія ў гэты трагічны раз ужо проста не дапамаглі. Другі — аглядчык сапраўды прагледзеў пашкоджанне на больш-менш жывым абсталяванні. Трэці – і тое, і другое разам. Расплаціцца за гэта выпала 5 маладым мужчынам», — напісаў былы шахцёр.

 

Nashaniva.com