Як выбіраць ківі?
гэтую антыкрызісную пушыстую ягаду.
18.12.2009 / 13:53
гэтую антыкрызісную пушыстую ягаду.
Ківі з’явіўся на свет дзякуючы сусветнаму прамысловаму крызісу 30‑х гадоў ХХ ст. У далёкай Новай Зеландыі партовы клерк Джэймс Маклоклін паспрабаваў асвоіць новую для сябе прафесію фермера. Аднак лімоны, якія ён вырошчваў, не мелі папулярнасці. Сусед Маклокліна, Аляксандр Элісан, акультурыў кітайскі агрэст і вырасціў новы плод. Аптыміст Маклоклін узяўся за знаходку суседа і пачаў вырошчваць на сваіх плантацыях незвычайныя ягады, пра карысныя якасці якіх і не здагадваўся.
Кітайскі агрэст стаў вельмі папулярным, а заснавальніку першай плантацыі прынёс неблагі прыбытак. Ягада зрабілася нават сімвалам Новай Зеландыі і атрымала назву ківі — у гонар птушкі, якая існуе выключна ў гэтай краіне.
Ківі надзвычай багаты на вітамін С.
Таксама ківі можа дапамагчы:
- ‑ унармаваць ціск, бо ўтрымлівае багата калію;
‑ актывізаваць працу кішэчніка і расслабіць;
‑ панізіць рызыку стварэння тромбаў;
‑ спаліць тлушчы, бо мае адпаведныя энзімы і шмат клятчаткі.
Калі набываеце ківі, абавязкова памацайце пухнаты плод.
Ён не павінен быць надта цвёрдым ці надта мяккім. Пахнуць ён павінен суніцамі. Аднак не забірайце той, што мае пах віна — гэта прыкмета пераспеласці.
Ківі можна дадаць у салатку, да мяса ці з’есці проста так. Найлепш — за паўгадзінкі да абеду, сняданку ці вячэры.