«Спачатку вельмі цяжка нешта западозрыць». Дзяўчына падманула хлопца на 700 рублёў, прапанаваўшы сустрэцца на бутафорскім стэндапе

Калі да «супрацоўнікаў банка», якія спрабуюць нібыта прадухіліць перавод на імя незнаёмца, і «палкоўнікаў МУС», якія прапануюць прыняць удзел у аперацыі па затрыманні махляроў, людзі ўжо прывыклі, то ўсвядоміць, што падмануць можа мілая сімпатычная дзяўчына, не так і проста. Пра новую схему выцягвання грошай са страціўшых пільнасць грамадзян піша «Анлайнер».

07.11.2023 / 17:47

Мінчук Ягор нядаўна пазнаёміўся ў Tinder з сімпатычнай дзяўчынай. Неўзабаве пара перайшла для камунікацыі ў тэлеграм: маўляў, так зручней.

«З-за сваіх легкадумнасці і даверлівасці я ніякага падвоху падчас нашых зносін на заўважыў. Ужо потым, калі перачытваў усё нанова, зразумеў, што ёсць дзіўныя рэчы. Але спачатку мне падалося, што гэта звычайнае знаёмства ў Tinder.

На другі дзень нашай размовы я прапанаваў Настассі сустрэцца. Яна падтрымала ідэю і запрасіла далучыцца да яе: нібыта ўвечары яна ідзе на стэндап-канцэрт. Падумаў, што гэта можа быць цікава, бо я ні разу не быў на стэндапе», — апісвае падзеі хлопец.

А далей усё пайшло па класіцы. Дзяўчына скінула спасылку на сайт, дзе можна купіць квіткі, і прапанавала выбраць месца каля яе, сустрэцца на 9-м радзе.

А калі ў Ягора не прайшла аплата ў звычайным фармаце, то Настасся супакоіла маладога чалавека, патлумачыўшы, што банкі цяпер абараняюцца ад махляроў і ўводзяць «дадатковую форму пацвярджэння агульнага балансу разліковага рахунку».

«У выніку ўсе сродкі, што былі на карце, а гэта 700 рублёў, сышлі. Балазе гэта былі не ўсе мае грошы. Перапіску дзяўчына выдаліла.

Што магу сказаць: сайт зроблены вельмі добра; толькі цяпер, прыглядаючыся да дробязяў (напрыклад, адсутнасць блакавання месца ў зале пры чаканні ўводу кода з SMS), я разумею, што гэта фішынг. Спачатку ж вельмі складана нешта западозрыць», — вырашыў папярэдзіць пра «развод» іншых хлопцаў Ягор.

А сам ён цяпер плануе звярнуцца ў міліцыю.

Чытайце таксама:

Belita выпусціла гель для душа, які «ўплывае на эмоцыі». Навуковец: «Гэта інфамахлярства»

Добрая зніжка ці махляры? Як не даць сябе падмануць пры набыцці тавараў у Instagram

Tinder: сэрвіс для знаёмстваў, які манітораць сілавікі. Хто ўжо патрапіў пад рэпрэсіі і як можна абараніцца

Nashaniva.com