Залужны пасмяротна ўзнагародзіў беларускага добраахвотніка

Галоўнакамандуючы Украінскімі ўзброенымі сіламі пасмяротна ўзнагародзіў Змітра Рубашэўскага «Хрестом хоробрих».

05.11.2023 / 14:59

Фота з фэйсбука Аляксея Францкевіча

«Сёння [у суботу — НН] малая дачка беларускага героя, Змітра Рубашэўскага з пазыўным Ганс, які аддаў сваё жыццё ва Украіне за нашу з вамі свабоду, атрымала ад галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны Залужнага, узнагароду бацькі «Хрест хоробрих» пасмяротна. Слава Герою!», — напісаў у сваім фэйсбуку кіраўнік фонду «Вільна Беларусь» Аляксей Францкевіч.

Зміцер Рубашэўскі. Фота: Радыё Свабода

30-гадовы Зміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 года падчас баёў у Луганскай вобласці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад смерцю «Ганс» знішчыў камандзіра расійскай групы.

Рубашэўскі родам з Берасця. Вучыўся ў будаўнічым вучылішчы. Ваяваў з 2015 года. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Украіны, так і застаўся.

Ваяваў у шэрагах «Правага сектара». За абарону шахты Бутаўка меў грамадскую ўзнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасля ранення яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілі дачку.

У пачатку верасня гэтага года Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў яго ордэнам «За мужнасць» III ступені.

Nashaniva.com