Зяленскі не лічыць сітуацыю на фронце патавай, перамоў і саступак Расіі не будзе

Такую заяву прэзідэнт Украіны зрабіў на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен, калі каментаваў артыкул у часопісе The Economist галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.

04.11.2023 / 16:59

Уладзімір Зяленскі ў час прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Фота: Andrew Kravchenko/Bloomberg via Getty Images

«Гэта не патавая сітуацыя. Расія кантралюе неба. Мы беражом нашых вайскоўцаў. Проста кідаць, як Расія кідае як мяса сваіх людзей, ніхто не хоча» — прыводзіць словы ўкраінскага лідара выданне «Інтерфакс-Україна».

Раней Залужны заявіў пра дасягненне «тупіка» на фронце і пераход да пазіцыйнай вайны, у якой, на яго думку, Украіна не будзе мець перавагі.

«Як пераадолець гэта? F-16, трэба чакаць, калі хлопцы навучацца, калі яны вернуцца. Калі на фронце ёсць СПА, вайскоўцы ідуць наперад, выкарыстоўваюць тэхніку», — сказаў Зяленскі.

Зяленскі нагадаў, што летась усе лічылі, што Украіна ў патавай сітуацыі, але некалькі ваенных хітрасцяў — і харкаўскі рэгіён быў вызвалены.

«Мы не маем права апускаць рукі. Якая альтэрнатыва? Што, трэба аддаць траціну нашай дзяржавы? Гэта ж будзе толькі пачатак. Мы ж ведаем, што такое замарожаны канфлікт, мы ўжо для сябе зрабілі высновы», — адзначыў Зяленскі.

Зяленскі таксама звярнуў увагу на тое, што трэба больш працаваць з партнёрамі па СПА, разблакаваць неба, даць магчымасць украінскім вайскоўцам правесці наступальныя дзеянні.

Чытайце таксама:

У Офісе прэзідэнта Украіны параілі Залужнаму не выносіць сітуацыю на фронце на публіку

У Кіеў прыехала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен

Залужны: Вайна зайшла ў тупік. Яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву

Nashaniva.com