Мінскі завод стаў ладзіць экскурсіі 18+. І запісвацца трэба загадзя

Мінскі завод пеністых вінаў пачаў вадзіць экскурсіі па сваіх цэхах. Наведвальнікі змогуць убачыць увесь працэс стварэння напояў і сем разоў пакаштаваць.

02.11.2023 / 15:15

Фота: Белдзяржхарчпрам

Паход па заводзе ахопіць практычна ўсе этапы вытворчасці. Група наведае віно матэрыяльны цэх і аддзел шампанізацыі. Убачыць можна і працэс разліву і афармлення гатовага прадукту, піша Tochka.by.

У гэты час экскурсавод раскажа пра працэсы адборкі вінаграда і ферментацыі. Арганізатары паабяцалі раскрыць сакрэт, «як дадаецца тая таямнічая іскра, якая робіць пеністае віно па-сапраўднаму непаўторным».

Фота: Белдзяржхарчпрам

Самы цікавы этап — дэгустацыя — пройдзе адразу пасля экскурсіі. Групе прапануюць паспрабаваць сем відаў прадукцыі завода па 30 мл.

Як патрапіць

Завод прапануе два віды экскурсій. Варыянт без дэгустацыі зойме паўтары гадзіны і абыдзецца ў 20 рублёў. Паўнавартаснае наведванне на дзве гадзіны каштуе 35 рублёў.

Прадпрыемства будзе праводзіць дзве групы (ад пяці да 15 чалавек) за тыдзень — па чацвяргах і пятніцах у 14:00.

Браніраванне праходзіць толькі па тэлефоне. Аплаціць трэба за два дні да экскурсіі.

Завод выпускае самыя папулярныя маркі пеністага ў Беларусі. Гэта класічныя «Савецкае шампанскае» і яго варыяцыі, а таксама брут «Піно Нуар». Прэзентавана і шырокая лінейка віна. У іх ліку «Arta Vinia», «Old Batur» і « Кагор». Таксама выпускаюцца і вінныя кактэйлі пад брэндамі «Mix Belly» і «Alco milk».

Чытайце таксама:

Запусцілі аўдыяэкскурсіі па беларускіх гарадах. Першая — па загадкавым мінскім раёне

Мікашэвіцкі «Граніт» адкрывае экскурсіі на свой глыбокі кар'ер

Цяпер «Беларускія Мальдывы» можна наведаць афіцыйна

Nashaniva.com