УСУ нанеслі ракетны ўдар па камандным пункце расійскай групоўкі
Тэлеграм-каналы паведамляюць пра нанясенне Узброенымі сіламі Украіны ўдару па камандным пункце расійскай групоўкі «Дняпро», які на гэтым тыдні ўзначаліў новы камандуючы — генерал-палкоўнік Міхаіл Цяплінскі.
02.11.2023 / 15:42
Паводле інфармацыі канала ВЧК-ОГПУ, як мінімум адзін вайсковец пры гэтым загінуў і некалькі атрымалі цяжкія раненні. Раён нанясення ўдару ачэплены, дадзена каманда аб недапушчэнні распаўсюджвання інфармацыі аб факце трапляння.
Адначасова з гэтым інфармаваны расійскі ваенкар «Рыбарь» прызнаў, што тры ракеты прыляцелі ў сяло Стралковае на Арабацкай стрэлцы, але, маўляў, людзі той будынак паспелі загадзя пакінуць.
«Яшчэ адна ракета, папярэдне, была падбітая над самім сялом. Аднак тры ракеты прыйшліся па адным з аб'ектаў у Стралковым. Улічваючы памер баявой часткі Storm Shadow, будынку, напэўна, нанесеныя велізарныя страты, але людзі, якія знаходзіліся там, ведалі пра небяспеку і пакінулі месца», — піша «Рыбарь».
Магчыма, у абодвух паведамленнях маецца на ўвазе адзін і той жа выпадак.