«Неймаверны свет новых смакаў». Веганка расказала, як пераходзіла на раслінную ежу

Вікторыя Акуневіч — веганка са стажам. Але яна не проста не есць мяса. Дзяўчына навучылася гатаваць цудоўныя дэсерты для веганаў і «падсадзіла» на іх нават мясаедаў. Сваёй гісторыяй яна падзялілася з баранавіцкім выданнем BAR24.

01.11.2023 / 18:39

«Спачатку проста перайшла на правільнае харчаванне, каб прыйсці ў форму»

Упершыню з веганствам я сутыкнулася гадоў восем таму, калі пераехала з Баранавіч у Мінск. Я працавала ў броўбары, дзе многія кліенты былі прыхільнікамі здаровага харчавання і спорту. Менавіта ад іх я пачула пра сыраядзенне, веганства і вегетарыянства. І дзякуючы гэтаму ўпершыню адмовілася ад мяса. На працягу года я ела малочныя прадукты. Потым я нешта перадумала і вярнулася да звыклага рацыёну.

Але калі пяць гадоў таму нарадзілася маё другое дзіця, я стала больш адказна падыходзіць да свайго харчавання. Спачатку проста перайшла на правільнае харчаванне, каб хутчэй прыйсці ў форму. А далей мяне неяк зацягнула. Я шмат чытала пра расліннае харчаванне, пра шкоду малочнай прадукцыі, мяса для арганізма. І паступова стала ўводзіць раслінныя стравы, падсаджваючы на іх усю сям'ю.

Так што да моманту, калі дзіцяці трэба было ўводзіць прыкорм з малачком і мясам, мы ўжо цалкам перайшлі на раслінную ежу. Муж быў не супраць. Наадварот, ён мой аднадумец і адразу падтрымаў гэтую ідэю.

«Бацькі перыядычна спрабавалі накарміць іншай ежай»

Спачатку, вядома, я сутыкнулася са складанасцямі ў плане прыняцця блізкімі нашага ладу жыцця. Яны думалі, што гэта ўсё часова. І казалі, маўляў, рабіце, што хочаце, але каб дзеці харчаваліся «нармальна».

Мае бацькі і бацькі мужа перыядычна спрабавалі накарміць нас іншай ежай. Настойліва прапаноўвалі яе, а калі мы адмаўляліся, асуджалі. Маўляў, калі не будзеце есці мяса, з вамі будзе тое і тое. Але з часам яны прынялі наш выбар. І нават сталі цікавіцца, пытацца рэцэпты.

Дзеці цяпер спакойна застаюцца ў бабуляў і дзядуляў. І ім ужо ніхто не прапануе мяса, хоць і яно, і малочныя прадукты, вядома, ёсць на стале ў бацькоў. Але мае дзеці гэтага не ядуць.

У нас ніколі не было забаронаў. Проста я заўсёды ім расказваю ўсё, як ёсць. Мае дзеці ведаюць, што такое мяса і кім яно было перш, чым апынуцца ў кагосьці на талерцы. Бо веганства — гэта не проста пра харчаванне. Я б нават сказала, гэта наогул не пра ежу. Гэта лад жыцця. Этычны, экалагічны. Гэта пра любоў і беражлівыя адносіны да ўсяго жывога.

«З тофу могуць зрабіць усё — ад дэсертаў да рыбы»

Я заўсёды вельмі шмат гатавала. А калі перайшлі на расліннае харчаванне, рабіла па тры-чатыры новыя стравы штодня. І кожная выклікала захапленне! Таму што кожны раз адкрываўся неверагодны свет новых прадуктаў, новых смакаў, пра які я нават не здагадвалася!

Я навучылася гатаваць велізарную колькасць веганскіх страў. Розныя віды блінцоў, лазанню, паштэты, пірагі, пельмені з варэнікамі, нутавыя катлеткі. Нут мы проста любім. Я яго, напэўна, кожны дзень гатую.

З тофу я наогул могуць зрабіць усё — ад дэсертаў да рыбы. Нават ікру веганскую з насення чыа магу прыгатаваць. Пры гэтым выглядаць яна будзе як звычайная чорная ікра. Наогул, любую страву з традыцыйнай кухні можна зрабіць стравай для веганаў.

Цяпер значна прасцей быць на раслінным харчаванні, чым калі мы толькі пачыналі. Прадуктаў для веганаў значна больш. Яны ёсць у кожнай краме ці на рынку. І каштуе гэта наогул нядорага.

Мой улюбёны тофу на «Камароўцы» каштуе 5 рублёў за 500 грамаў. А зрабіць з яго можна ўсё, уключаючы тое, што звычайна робяць з тварагу. І замарожваць можна.

Дорага каштуюць толькі сасіскі і каўбасы веганскія — каля 25 рублёў за паўкіло прыкладна. Але мы і не купляем іх, таму што ў гэтым няма ніякай неабходнасці.

Прысмакі для веганаў: першым быў торт з грэчкі

Мой першы торт быў з зялёнай грэчкі. Веганскі тварожнік. Знайшла рэцэпт дзесьці ў інтэрнэце і вырашыла прыгатаваць на дзень нараджэння мужа. Проста цікава было, што з гэтага атрымаецца.

Афармленне, вядома, выйшла так сабе. Але сам торт усім спадабаўся! Ніхто і падумаць не мог, што з гэтага прадукта можна зрабіць торт! З тых часоў я стала шукаць іншыя рэцэпты, гатавала розныя дэсерты. І выкладала фота ў сябе на старонцы ў інстаграме.

Я рабіла гэта для сябе, не збіраючыся нічога прадаваць. І нават разгубілася, калі пад фота аднаго з дэсертаў у мяне спыталі цану. Тады я падумала: а, і праўда, колькі каштуе кілаграм? Трэба палічыць.

Вікторыю запрашаюць у якасці веганскага кухара на розныя рэтрыты. Фота: асабісты архіў

Неўзабаве я зразумела, што рэцэптаў з інтэрнэту мне недастаткова. Стала шукаць прафесійнае навучанне, курсы, і выйшла на новы ўзровень. Цяпер я гатую мноства розных дэсертаў: веганскі і сыраедны тарты, пірожныя, зефір, арэшкі са згушчонкі, глазураваныя сыркі, цукеркі, ватрушкі, сочнікі і іншае. Магу зрабіць «Напалеон», які па смаку не будзе адрознівацца ад традыцыйнага, але без грама алею і цукру. За апошнія два месяцы я навучылася рабіць веганскія сінабоны без глютэна, лімонны тарт, тырамісу. А ў лістападзе ў мяне пачынаецца новае навучанне па нізкавугляводных тартах.

Безумоўная падтрымка ператварыла мой лад жыцця ў нешта большае. Я б не назвала гэта бізнэсам. Хутчэй, гэта маё хобі, мая творчасць.

Самыя папулярныя дэсерты для веганов — «Напалеон» і «Медавік»

Часцей за ўсё мяне просяць прыгатаваць дэсерты. Самыя папулярныя прысмакі для веганаў у мяне — тарты «Напалеон» і «Медавік», зефір, шакаладна-вішнёвы торт, арэшкі, сочнікі. Я іх раблю праз дзень ці два. Часам заказваюць і звычайную ежу.

Нядаўна Віка навучылася гатаваць веганскія сінабоны. Фота: асабісты архіў

Гатую я і вясельныя веганскія тарты. Самы вялікі вясельны «Напалеон» важыў 3,5 кг. А аднойчы кліентка на свой дзень нараджэння замовіла ў мяне двух'ярусны торт вагой 5 кг.

Я вельмі люблю тое, што раблю. І, як практыка паказвае, людзям гэта таксама падабаецца. Я адкрываю ім свет расліннай кухні. Не толькі салодкай, але і веганскай. Паказваю, як гэта разнастайна, смачна, прыгожа. Мне падабаецца дзяліцца гэтым з людзьмі, атрымліваць ад іх зваротную сувязь. Гэта выдатна!

Нейкіх далёкіх глабальных планаў я не будую. Працую зараз, атрымліваю асалоду ў моманце. Але, магчыма, мне б хацелася, каб у мяне была свая кавярня з маімі самымі выдатнымі і смачнымі дэсертамі.

Чытайце таксама:

Вегетарыянства можа перадавацца ў спадчыну — даследаванне 

«А потым у мяне знікла і менструацыя». Гісторыя беларускі, якая харчуецца толькі садавінай

«Я адчуваю сябе Ісусам». У Азіі падчас дэтоксу памерла расійская блогерка-сыраедка

Сям'я веганаў папрасіла суседзяў зачыняць вокны, калі тыя гатуюць мяса

Nashaniva.com