Пасля поспеху суседзяў у Беларусі зноў загаварылі пра Сусветную спадчыну ЮНЕСКА
Уключэнне ў верасні ў спіс ЮНЕСКА латвійскай Кулдыгі і мадэрнісцкай спадчыны літоўскага Коўна, відаць, падштурхнула беларускіх чыноўнікаў задумацца пра перспектывы Каложскай царквы і культавага абарончага дойлідства на Беларусі, якія ўжо два дзесяцігоддзі знаходзяцца ў папярэднім спісе.
01.11.2023 / 17:29
Сынкавіцкая царква-крэпасць. Фота: Гугл Карты
Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы паведаміў, што 20 кастрычніка 2023 года ў Міністэрстве культуры Беларусі адбылося пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы намінацыйных дасье для падачы заявак у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — «Каложская (Барысаглебская) царква ў г. Гродна як прыклад гродзенскай архітэктурай школы» і «Культавыя збудаванні абарончага тыпу ў в. Мураванка, у в. Сынкавічы і аг. Камаі».
У пасяджэнні прынялі ўдзел супрацоўнікі Мінкультуры і Гродзенскага аблвыканкама, а таксама настаяцелі пералічаных храмаў.
Каложская царква з боку апсіды пасля рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons
Маламажэйкаўская царква-крэпасць пасля нядаўняй рэстаўрацыі фасадаў. Фота: Гугл Карты
У ходзе пасяджэння абмяркоўвалася выкананне заказчыкамі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гады мэтавага паказчыка па ўключэнні новых аб'ектаў спадчыны ў ЮНЕСКА, а таксама выпрацавалі тэрміны падачы настаяцелямі храмаў матэрыялаў для намінацыйнай дакументацыі.
Камайскі касцёл — адзіны каталіцкі храм у намінацыі. Фота: Гугл Карты
Раней намінацыя «Культавыя збудаванні абарончага тыпу» была транснацыянальнай і акрамя аб'ектаў у Беларусі уключала аналагічныя аб'екты, пабудаваныя ў стылі «беларускай готыкі» ў Літве і Польшчы. Лічыцца, што такія намінацыі маюць больш шансаў быць прызнанымі Сусветнай спадчынай, чым намінацыі асобных краін. Але цяпер з назвы намінацыі суседзі Беларусі зніклі, відаць, праз тое, што рэжымам Лукашэнкі гэтыя краіны лічацца варожымі.
Сёння ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўнесены Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абарончага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся, а таксама ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску.
Усе яны дададзены ў папярэдні спіс яшчэ ў 2004 годзе, і з таго часу, а мінула ўжо амаль 20 гадоў, не зроблена анічога ў кірунку прызнання іх сусветнай спадчынай. За гэты час, напрыклад, многія драўляныя цэрквы Палесся, поўны пералік якіх чамусьці ніколі не называўся, былі перабудаваны з выкарыстаннем сайдынгу і нітрыд-тытану на дахах.
Чытайце таксама:
У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі латвійскую Кулдыгу. Гэта дае надзею беларускім гарадам
Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА
Названыя найлепшыя архітэктурныя працы Беларусі апошніх гадоў ШМАТ ФОТА