У Мінску прадаюць колішнюю прыбіральню, пра якую ўжо і забыліся

Цікавы лот з'явіўся на аўкцыённай пляцоўцы «Белрэалізацыя»: у Мінску выставілі на таргі старую грамадскую прыбіральню ў самым цэнтры горада. Пабудова знаходзіцца побач з веладарожкай за паркам Горкага, але даўно не функцыянуе, заўважыў Realt.by.

30.10.2023 / 17:29

Выстаўлены на аўкцыён капітальны будынак размяшчаецца на вуліцы Пуліхава, 4 — проста насупраць Свіслачы. З усіх бакоў невысокую пабудову, накрытую ахоўнай сеткай, акружае зялёны плот. Закансерваваны будынак, як і графіці на яго агароджы, даўно сталі часткай гарадскога пейзажу.

Плошча былой грамадскай прыбіральні складае 59 квадратаў. Пабудова месціцца на зямельным участку плошчай 0,0278 га (у водаахоўнай зоне). За некалькі метраў ад будынка знаходзіцца галоўная мінская веладарожка.

Грамадская прыбіральня была пабудаваная тут яшчэ ў 1966 годзе. Але да нулявых аб'ект прыкметна састарэў і быў закрыты. У 2010 годзе ўласнікам будынка стала прыватная кампанія «Абсалютінвестбуд», якая мела намер зрабіць рэканструкцыю будынка. Будынак абгарадзілі, але завяршыць работы не ўдалося.

Цяпер колішняя грамадская прыбіральня прадаецца. Пачатковая цана капітальнага будынка складае 250 тысяч рублёў (78 тысяч даляраў). Таргі пройдуць на электроннай гандлёвай пляцоўцы beltorgi.by 28 лістапада. За арэнду ўчастка новаму ўласніку неабходна будзе плаціць крыху больш за 2400 рублёў.

Чытайце таксама:

Гадзіннікі Віктара Бабарыкі прадалі з аўкцыёну з другой спробы

Як цяпер выглядае гандлёвы цэнтр, які будуюць на месцы Чэрвеньскага рынку ў Мінску

На аўкцыёне прадалі беларускую двухрублёвую манету за 225 рублёў

Nashaniva.com