«Яна памерла, абдымаючы дваіх сваіх дзяцей». У Ізраілі развіталіся з Ліанай Шарабі і ейнымі дочкамі

Бацькі Ліаны — Гіл і Піт Брыслі — распавялі, што яна да канца спрабавала абараніць сваіх дачок: «Ліана паступіла як любая маці — трымала сваіх дзяцей на руках».

30.10.2023 / 16:24

Яхель (злева) з маці Ліанай (у цэнтры) і сястрой Нояй. Фота з сайта Бі-бі-сі

Бацькі жанчыны брытанска-ізраільскага паходжання, забітай у сваім доме баевікамі ХАМАС разам з двума дзецьмі, кажуць, што іх знайшлі ў абдымках адзін аднаго, піша Бі-бі-сі.

48-гадовая ўраджэнка Брысталя Ліяна Шарабі і дзве яе дочкі-падлеткі загінулі 7 кастрычніка ў сваім доме ў кібуцы Беэр, калі яго штурмаваў ХАМАС.

Бацькі Ліаны, Гіл і Піт Брыслі, распавялі, што яна да канца спрабавала абараніць сваіх дачок: «Ліана паступіла як любая маці — трымала сваіх дзяцей на руках».

Бацькі Ліаны, якія жывуць цяпер у англійскім Брыджэнце, распавялі Бі-бі-сі пра сваю дачку і ўнукаў Ною і Яхель праз некалькі дзён пасля іх пахавання.

На думку Гіл Брыслі, у Ізраілі звычайна панавала прыязная атмасфера, і краіна была «выдатным месцам для стварэння сям'і».

«Там, дзе яны жылі, пры нармальных абставінах было самае бяспечнае месца для выхавання дзяцей: выдатныя дзіцячыя сады, школы, яны ўсіх ведалі, займаліся спортам, каталіся на роварах, ездзілі ў іншыя раёны Ізраіля», — сказала яна.

Гэта працягвалася да 7 кастрычніка, калі ХАМАС захапіў дом Шарабі, у які яны пераехалі тры гады таму.

Па словах Піта Брыслі, гэтую навіну ён убачыў па тэлевізары:

«Я ўключыў тэлевізар, убачыў, што пачалася бяда, паслаў Ліане паведамленне, каб спытаць, ці ўсё з ёй у парадку, але яна не адказала, — сказаў ён. — Думаю, да таго часу яна ўжо была мёртвая. Іх дом быў адным з бліжэйшых да бар'ера, праз які ўвайшлі баевікі ХАМАС. Усе, хто знаходзіўся на вуліцы, былі забітыя ці цяжка параненыя».

Па словах Гіл Брыслі, пазней яны даведаліся, што ізраільскія салдаты знайшлі целы іх унукаў у абдымках ліаны, і яна «паступіла як любая маці — трымала сваіх дзяцей на руках, да канца спрабуючы іх абараніць».

Па словах Гіл Брыслі, целы Яхель і Ноі знайшлі ізраільскія вайскоўцы. Фота з сайта Бі-бі-сі.

Гіл Брыслі распавядае, што Ліана была «шчаслівым дзіцем» і «заўсёды хацела падарожнічаць па свеце».

Паводле яе слоў, у 19 гадоў Ліана пераехала з Брысталя ў ізраільскі кібуц, праз некалькі месяцаў сустрэла свайго будучага мужа і вырашыла будаваць там сваё жыццё: вывучыла іўрыт і нарадзіла дзвюх дачок — Яхель і Ною. На момант нападу ХАМАС ім было 13 і 16 гадоў.

Гіл Брыслі апошні раз бачыла дачку і ўнукаў у ліпені, пасля таго як яны пабывалі на бат-міцве Яхелі і правялі два тыдні вакацый, «гуляючы ў басейне і дурэючы».

Не маючы магчымасці прыехаць на пахаванне, члены сям'і развітваліся з загінулымі з дапамогай WhatsApp — глядзелі цырымонію пахавання, на якую сабраліся сотні людзей.

«Мы адчуваем здранцвенне… Што здарылася — тое здарылася, мы не можам гэтага змяніць, — кажа Гіл Брыслі. — Мы павінны праз гэта прайсці».

Чытайце таксама:

ХАМАС маніць? Прадстаўнік Ізраіля паставіў пад сумнеў колькасць загінулых у Газе

Ізраіль асудзіў візіт прадстаўнікоў ХАМАС у Расію і заклікаў «неадкладна выгнаць тэрарыстаў»

Ізраільскія закладнікі ХАМАС: найгоршы кашмар для любога ўрада

Nashaniva.com