Беларускі генерал заявіў, што ў адказ на санкцыі Беларусь мае права са зброяй «прарубіць калідор» праз Літву

Першы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Беларусі Павел Муравейка на ідэлагічным семінары, арганізаваным Мінгарвыканкамам, выступіў з ваяўнічымі заявамі.

28.10.2023 / 18:21

Па словах Муравейкі, Беларусь мае ўсе падставы «прасекчы жыццёва важны калідор» праз Літву з дапамогай зброі, каб атрымаць доступ да транзіту тавараў. Тэзісы, агучаныя віцэ-сакратаром, апублікавала 24 кастрычніка газета «Вячэрні Мінск», піша reform.by.

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі. І ў іншых бы ўмовах нас бы ніхто ў свеце не асудзіў, смею меркаваць. Але не ў цяперашніх, калі на краіну аказваецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду», — заявіў Муравейка.

Генерал таксама прызнаў эканамічныя праблемы ў Беларусі:

«Не хачу казаць пра тое, што няма праблем ці ўсе яны лёгка пераадольваюцца. Ёсць пытанні з пастаўкай запчастак і пэўных рэсурсаў, са збытам прадукцыі. Часам узнікаюць праблемы з поўнай занятасцю супрацоўнікаў на месцах ці з выплатай заработнай платы. Гэта аб'ектыўная рэальнасць. Інфармацыя такога плана сістэмна даводзіцца да кіраўніцтва краіны і рэгіёнаў. У выніку дзяржаўныя органы маюць магчымасць прыняць неабходныя меры рэагавання, каб стабілізаваць сітуацыю і не дапусціць эканамічнага калапсу», — сказаў прадстаўнік Рады бяспекі.

Чытайце таксама:

Лукашэнка намякнуў, што гатовы гаварыць з палякамі

У Радзе бяспекі патлумачылі, чаму іх не палохаюць вучэнні Арменіі і НАТА, і прапанавалі Польшчы правесці такія ж з Беларуссю

Nashaniva.com