Пуцін сустрэўся з Яўлінскім. У партыі сцвярджаюць, што прэзідэнцкія выбары яны не абмяркоўвалі
Прэс-служба расійскай партыі «Яблоко» паведаміла, што заснавальнік партыі Рыгор Яўлінскі сустрэўся 26 кастрычніка з Уладзімірам Пуціным. У паведамленні сцвярджаецца, што галоўнай тэмай абмеркавання была «неабходнасць пагаднення аб спыненні агню ва Украіне», піша «Медуза».
27.10.2023 / 09:31
Рыгор Яўлінскі. Фота: прэс-служба партыі «Яблоко»
У партыі заявілі, што спыненне агню — «прынцыповая пазіцыя Яўлінскага». Палітык лічыць, што неабходна як мага хутчэй пачынаць перамовы, ён гатовы асабіста ў іх удзельнічаць. Паводле паведамлення, Яўлінскі «падрабязна выклаў сваю пазіцыю» Пуціну.
«Прэзідэнцкія выбары 2024 года не абмяркоўваліся. Раней Яўлінскі неаднаразова публічна заяўляў пра тое, што разгледзіць магчымасць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, калі грамадзяне самі і са сваёй ініцыятывы збяруць не менш за 10 мільёнаў подпісаў за яго вылучэнне», — заявілі ў прэс-службе.
Каментар аб сустрэчы Яўлінскага і Пуціна ў партыі патлумачылі «шматлікімі запытамі, якія паступілі ў прэс-службу».
Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць сустрэчу Пуціна з Яўлінскім.
«Медуза» ў канцы жніўня паведамляла, што ў Адміністрацыі прэзідэнта вызначыліся са «спарынг-партнёрамі», якія будуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у сакавіку 2024 года з Уладзімірам Пуціным.
Паводле слоў дзвюх крыніц, блізкіх да Крамля, адным з галоўных крытэрыяў іх адбору стаў узрост. Сярод зарэгістраваных кандыдатаў не павінна быць палітыкаў, маладзейшых за 50 гадоў, бо наяўнасць такіх кандыдатаў у бюлетэні можа прымусіць расіян задумацца пра тое, што 70-гадовы Пуцін — «ужо не той чалавек, які прыходзіў да ўлады з цвёрдай рукой».
На гэты момант у АП разлічваюць, што на выбары, акрамя Пуціна, пойдуць прадстаўнікі трох парламенцкіх партый: КПРФ, ЛДПР і «Новыя людзі». У верасні стала вядома, што кандыдат, «які прадстаўляе ліберальныя сілы», можа ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Яўлінскі згадваецца ў анкеце (ён на год старэйшы за Пуціна), якую Аляксей Навальны прапанаваў запоўніць расійскім палітыкам, журналістам і грамадскім дзеячам, каб даведацца пра іх стаўленне да прэзідэнцкай кампаніі ў РФ у 2024 годзе. Навальны называе прозвішчы некалькіх чалавек і пытаецца, ці можа хтосьці з іх быць адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах, сярод іх ёсць Яўлінскі.
Яўлінскі ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у 1996, 2000 і 2018 гадах. У 2018-м ён набраў 1,05%, у Ксеніі Сабчак было 1,68%, у Паўла Грудзініна, які пазіцыянаваў сябе як беспартыйны, але быў вылучаны КПРФ і «Левым фронтам», было 11,55%.
Незадоўга да выбараў 2018 года Яўлінскі таксама сустракаўся з Пуціным.
Чытайце таксама:
Яўген Ройзман таксама адмовіўся вылучацца на прэзідэнцкія выбары ў Расіі як адзіны кандыдат апазіцыі
«Гэта дзіўныя ідэі». Нобелеўскі лаўрэат Муратаў адмовіўся ісці на прэзідэнцкія выбары ў Расіі