Яшчэ адзін беларус дэбютаваў у Нацыянальнай хакейнай лізе
Свой першы матч у Нацыянальнай хакейнай лізе правёў сёння раніцай 23-гадовы абаронца Ілья Салаўёў. Ён згуляў за «Калгары Флэймз».
27.10.2023 / 06:59
Ілья Салаўёў. Фота: twitter.com / NHLFlames
Ілья, які пачынаў сезон у фарм-клубе «Калгары Рэнглерс», быў выкліканы напярэдадні ў асноўны клуб і сёння раніцай па мінскім часе правёў сваю першую гульню за «Калгары Флэймз».
На жаль, «агеньчыкі» прайгралі «Сэнт-Луісу» з лікам 0:3.
Ілья выбраў сабе ў «Флэймз» 98-ы нумар, пад якім раней ніхто не выступаў. Гуляў ён у трэцяй пяцёрцы. Правёў на пляцоўцы 16 хвілін 34 секунды, адзін раз кінуў па варотах, заблакаваў адзін кідок, зарабіў дзве хвіліны штрафу.
Ілья Салаўёў стаў 15-м беларусам, які згуляў у наймацнейшай лізе свету, пачынаючы з 1991 года.
Рэкорд па праведзеных матчах у НХЛ належыць светлай памяці Руслану Салею (914 гульняў), у Міхаіла Грабоўскага — 534 гульні, у Андрэя Касціцына — 398, у Сяргея Касціцына — 353 матчы.
Таксама сёння чарговы матч за «Калгары Флэймз» правёў Ягор Шаранговіч. У яго ў гэтым сезоне за канадскі клуб адзін гол і адзін галявы пас. Прычым Шаранговіч выйшаў на лёд у першай пяцёрцы.
Таксама паказальна, што сёння два беларусы ўпершыню з 2012 года былі разам у адной камандзе на хакейнай пляцоўцы. 11 гадоў таму гэта былі браты Андрэй і Сяргей Касціцыны ў складзе «Нэшвіла».
«Калгары» пасля васьмі гульняў займае 13-ы радок у Заходняй канферэнцыі. У клуба пяць балаў, і адставанне ад восьмага месца, якое дае пропуск у Кубак Стэнлі, складае два балы.
Наступны матч — 30 кастрычніка супраць «Эдмантана», які праваліў пачатак сезона і займае 15-ы радок.
Чытайце таксама:
Удава хакеіста Руслана Салея паказала фота сваіх дарослых дзяцей
Ягор Шаранговіч закінуў сваю першую шайбу за «Калгары Флэймз»
Самы таленавіты навічок НХЛ ледзь не забыў клюшку перад першым выхадам на лёд