Галубы, як высветлілася, не дурнейшыя за штучны інтэлект — даследаванне
Птушкі, якіх некаторыя лічаць тупымі буркунамі, насамрэч вельмі разумныя. Навукоўцы высветлілі, што яны здольныя вырашаць некаторыя задачы падобна штучнаму інтэлекту. Расказваем, якія.
29.10.2023 / 20:05
Галубы. Фота pixabay
Галубы людзьмі звычайна не ўспрымаюцца сур’ёзна. Аднак насамрэч іх інтэлект досыць высокі: яны могуць запамінаць людзей, адрозніваць колеры, арыентавацца ў прасторы. Навукоўцы з універсітэтаў амерыканскіх штатаў Агая і Аёва даказалі, што гэтыя птушкі могуць даваць рады некаторым задачам так, як гэта робіць штучны інтэлект. Пра гэта піша выданне The Guardian са спасылкай на даследаванне.
У эксперыменце бралі ўдзел 24 галубы. Ім далі розныя візуальныя заданні, якія кожная з птушак вырашала ў сваім тэмпе: камусьці спатрэбілася некалькі дзён, а хтосьці разбіраўся некалькі тыдняў. Ім трэба было размеркаваць па розных катэгорыях рознакаляровыя лініі і геаметрычныя фігуры. Калі голуб ціснуў правільную кнопку, яму давалі корм, а за памылкі ён нічога не атрымліваў.
Аўтары даследавання зразумелі, што механізм рашэння задачы ў галубоў такі ж, як і ў штучнага інтэлекту. Галубы, як і ШІ, не карысталіся правіламі, а рабілі ўсё метадам спроб і памылак, знаходзілі заканамернасць для прыняцця правільнага рашэння. Акрамя таго, птушкі маглі адрозніваць прадметы і выпраўляць памылкі. Падчас эксперыментаў іх здольнасць вырашаць простыя задачы павялічылася з 55% да 95%, а ў выпадках з больш складанымі заданнямі іх дакладнасць узрасла з 55% да 68%.
Навукоўцы цяпер збіраюцца супрацоўнічаць з арнітолагамі і працягваць вывучаць галубоў ды іх мазгавыя здольнасці. Яны спадзяюцца, што гэта дапаможа знайсці эфектыўныя механізмы для дапамогі людзям, якія маюць пашкоджанні галаўнога мозга.
У ходзе даследавання, як адзначае The Guardian, ніводзін голуб не пацярпеў.
Чытайце таксама:
У Карэліі мужчына арганізаваў «выцвярэзнік» для п'яных птушак
«Правяла да пад'езда». Па Бабруйску гуляе ліса
У Кітаі выратавалі каля тысячы катоў. Іх хацелі здаць на бойню замест свіней і бараноў