У сектары Газа зніклі сем агентаў знешняй разведкі Расіі. Сувязі з імі няма амаль з пачатку вайны ў Ізраілі
Пра гэта паведаміў адзін з найбуйнейшых ізраільскіх часопісаў Makor Rishon са спасылкай на свае крыніцы. Мяркуецца, што гэта стала асноўнай прычынай паляпшэння рыторыкі Крамля ў адносінах да Ізраіля.
25.10.2023 / 20:26
Сектар Газа пад ізраільскімі бамбардзіроўкамі. Фота: Fatima Shbair / AP
«Гаворка ідзе пра 7 супрацоўнікаў Службы знешняй разведкі Расіі, адпраўленых у сектар Газа ўсяго каля двух месяцаў таму для маніторынгу там палітычнай, вайсковай, сацыяльнай і эканамічнай сітуацый. Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ў Ізраілі з імі знікла сувязь, яна адсутнічае на працягу двух тыдняў», — паведамляе выданне Makor Rishon са спасылкай на свае крыніцы ў Ізраілі і Расіі.
Паводле выдання, Крэмль вельмі занепакоены лёсам сваіх зніклых агентаў і для высвятлення ўсіх дэталяў вядзе непублічныя кантакты з адпаведнымі профільнымі ведамствамі Ізраіля.
Плюс да ўсяго, па сцвярджэнні крыніц, знікненне агентаў разведкі вымусіла расійскае кіраўніцтва змякчыць і нават палепшыць рыторыку ў дачыненні да Ізраіля і яго контрдзеянняў у Газе супраць тэрарыстаў ХАМАС.
«У апошнія дні да нас сталі паступаць запыты з Масквы датычна пошуку яе зніклых разведчыкаў. Лёс гэтых агентаў стаіць для Крамля вышэй, чым сітуацыя з выкрадзенымі ХАМАС расіянамі і ўвогуле з амаль 1000 расійскіх грамадзянаў у Газе.
Знікненне агентаў стала рэальнай прычынай раптоўнай змены тону расійскага кіраўніцтва ў адносінах да Ізраіля, што прывяло да публічных заклікаў Крамля да неадкладнага вызвалення закладнікаў з палону ХАМАС», — расказаў на ўмовах ананімнасці высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік.
Ён таксама дадаў, што Расія не ўпершыню губляе сваіх агентаў у гэтым рэгіёне. Некалькі гадоў таму ў Лівіі за ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары мясцовыя спецслужбы арыштавалі трох супрацоўнікаў знешняй разведкі Расіі. Двух з іх удалося вызваліць дзякуючы намаганням Яўгена Прыгожына, кіраўніка ПВК «Вагнер», які загінуў у авіякатастрофе ў жніўні гэтага года.
Нагадаем, што пасля масавага нападу ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля расійская і беларуская прапаганда пачала прасоўваць антыізраільскі парадак дня, сімпатызуючы палесцінскім баевікам і нават адмаўляючы іх шматлікія злачынствы.
Таксама былі спробы выставіць расійскія ваенныя дзеянні ва Украіне больш гуманнымі на фоне падзей у Ізраілі.
На расійскую прапаганду ўжо паспелі адрэагаваць ізраільскія медыя. Дасталася і прапагандыстам рэжыму Лукашэнкі.
Чытайце таксама:
У ізраільскай арміі назвалі ўмову, пры якой адменяць наземную аперацыю ў Газе
Эрдаган адмяніў свой візіт у Ізраіль і назваў ХАМАС «вызвольнай арганізацыяй»
Байдэн: Мы не можам дапусціць, каб такія тэрарысты, як ХАМАС, і такія тыраны, як Пуцін, перамаглі