«Прыходжу да высновы, што пастанова суддзі падлягае змене». Абласны суд у Віцебску нечакана адмяніў рашэнне аб канфіскацыі тэлефона за бчб-аватарку
У жніўні міліцыянты затрымалі жыхара Віцебска за выяву бел-чырвона-белага сцяга ў сацсетцы. Мужчыну прысудзілі «суткі» і ў дадатак канфіскавалі тэлефон як «сродак злачынства». Але нядаўна ў сітуацыю вырашыў умяшацца абласны суд, і ягонае рашэнне было нечаканым, заўважыла «Люстэрка».
25.10.2023 / 17:14
Будынак Віцебскага абласнога суда. Фота: Яндэкс.Карты
Пратакол аб «незаконным пікетаванні» на мужчыну за бела-чырвона-белую сімволіку ў профілі ў фэйсбуку склалі ў Верхнядзвінскім РАУС і перадалі яго ў суд Верхнядзвінскага раёна.
«Выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, публічна размясціў фатаграфію з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру ў адкрытым доступе на сваёй агульнадаступнай старонцы», — гаворыцца ў пратаколе.
На аватарцы ў мужчыны было ягонае сямейнае фота з жонкай і дзіцем, да якога была дададзеная рамка са сцягам Украіны і беларускім бел-чырвона-белым сцягам.
Мужчына на судзе прызнаў, што размяшчаў такое фота, але падкрэсліў, што не меў пры гэтым мэты пікетаваць. Але суд з гэтым не пагадзіўся і прызнаў віцябляніна вінаватым.
У выніку чалавеку прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон як сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Гэта адбылося яшчэ 22 жніўня. Віцяблянін не абскарджваў рашэння суда, адбыў арышт і не стаў змагацца за тэлефон.
Але пазней здарылася нечаканае. У сярэдзіне кастрычніка справа трапіла на стол да намесніка старшыні Віцебскага абласнога суда, хоць ніхто нібыта не падаваў скаргі або пратэсту. І судовы чыноўнік прыняў парадаксальнае для беларускай сістэмы рашэнне: «Вывучыўшы матэрыялы справы, прыходжу да высновы, што пастанова суддзі падлягае змене».
Аказваецца, прызначаць пакаранне па КаАП можна толькі ў межах санкцыі артыкула, а артыкул 24.23 не прадугледжвае канфіскацыі сродку здзяйснення правапарушэння. То-бок тэлефон у віцябляніна канфіскавалі незаконна.
Таму намеснік старшыні аблсуда пастанавіў змяніць першапачатковае рашэнне, выкрасліўшы з яго канфіскацыю, і вярнуць тэлефон уладальніку. Калі ж вяртанне немагчымае, то яму павінны кампенсаваць кошт тэлефона са сродкаў Дэпартамента гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
Чытайце таксама:
З недабудаванага дома Уцюрына ў Драздах знялі арышт. Той прадае яго за $1,3 мільёна