Рыхтуецца праект указа аб маршрутных таксі

У дакуменце будзе закладзена норма аб тым, каб з-за парушэнняў можна было прыпыняць дзейнасць перавозчыка.

25.10.2023 / 12:59

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Міністэрства транспарту і камунікацый рыхтуе праект указа прэзідэнта аб рабоце маршрутных таксі, паведаміў кіраўнік ведамства Аляксей Ляхновіч, адказваючы на пытанні парламентарыяў, піша «Спутнік».

Пытанне тычылася таго, якія дакументы распрацоўваюцца ў мэтах павышэння кантролю за ажыццяўленнем пасажыраперавозак аўтамабілямі таксі (так званымі «маршруткамі»).

«Мы сур'ёзна падышлі да гэтага пытання, рыхтуецца праект указа прэзідэнта», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, праект указа накіраваны на пытанні ажыццяўлення кантролю перавозчыкамі.

«У праекце ўказа будуць рэестры перавозчыкаў, дыспетчараў, кіроўцаў, і аўтамабіляў таксі», — адзначыў кіраўнік Мінтранса.

Акрамя гэтага, у праект дакумента ўносіцца норма адносна таго, каб за парушэнні можна было прыпыняць дзейнасць перавозчыкаў.

У Беларусі апошнім часам адбылося некалькі рэзанансных ДТЗ з удзелам маршрутных таксі на міжгародніх маршрутах, у тым ліку з гібеллю людзей.

Адно з такіх ДТЗ адбылося ў Смалявіцкім раёне, дзе сутыкнуліся МАЗ і маршрутнае таксі. Тады загінулі кіроўца маршруткі і 12 пасажыраў. Пасля аварыі было ўзнята пытанне аб комплексных праверках перавозчыкаў і падрыхтоўцы новых заканадаўчых дакументаў.

Чытайце таксама:

На трасе Мінск — Гомель адбылося сур'ёзнае ДТЗ з удзелам маршруткі

«Была бітва за квіткі». Чэргі на маршруткі з Мінска ў Барысаў і Жодзіна б'юць рэкорды

Вынесены прысуд кіроўцу МАЗа, абвінавачанага ў гібелі 13 чалавек у ДТЗ пад Смалявічамі

Nashaniva.com