«Усе яны небяспечныя для чалавека». У Кітаі знайшлі 8 новых вірусаў, якія пагражаюць чалавецтву

Даследчыкі з Кітайскага таварыства мікрабіялогіі (CSM), які кантралюецца ўрадам Кітая, выявілі на тэрыторыі краіны 8 новых вірусаў, якія маюць «высокую верагоднасць» заражэння і небяспекі для людзей.

25.10.2023 / 15:01

Кітайскі жыхар у масцы падчас пандэміі каранавіруса. Фота: AP Photo / Ng Han Guan

Вірусы былі знойдзены на кітайскім трапічным востраве Хайнань, дзе каманда навукоўцаў за некалькі гадоў узяла амаль 700 біялагічных узораў у мясцовых грызуноў. Аналіз пацвердзіў наяўнасць 8 новых вірусаў, адзін з якіх з'яўляецца раней невядомай разнавіднасцю каранавіруса, што мае цесную сувязь з сумна вядомым Covid-19. Аб гэтым навукоўцы нядаўна напісалі ў сваім часопісе Virologica Sinica, перадае выданне Daily Mail.

«У перыяд з 2017 да 2021 года мы ўзялі 682 біялагічныя ўзоры ў грызуноў з вострава Хайнань і выявілі 8 новых небяспечных для чалавека вірусаў. Сярод іх ёсць разнавіднасці жоўтай ліхаманкі, ліхаманкі дэнге, два новыя вірусы папіломы чалавека і два новыя парвавірусы, а таксама раней невядомыя штамы астравіруса і каранавіруса (апошні з'яўляецца пабрацімам Covid-19).

Калі знойдзеныя вірусы выйдуць за межы вострава і сваіх носьбітаў, тое гэта справакуе масавы зааноз (заражэнне людзей з боку жывёл) на кантыненце», — паведамілі кітайскія навукоўцы ў сваім даследаванні.

На самім востраве Хайнань жыве больш за 9 мільёнаў чалавек.

Кітайскі трапічны востраў Хайнань з насельніцтвам 9 мільёнаў чалавек, які знаходзіцца непадалёк ад паўднёвага ўзбярэжжа Кітая. Фота: Daily Mail

Даследчыкі таксама дадалі, што для больш дасканалага разумення ўзроўню небяспекі новых вірусаў для чалавека і планеты, над імі плануецца ладзіць эксперыменты. У дадзены момант вірусы ўжо знаходзяцца ў кітайскіх лабараторыях.

Акрамя таго, як адзначае выданне Daily Mail, адным з аўтараў новага даследавання з'яўляецца ўплывовая кітайская доктарка Шы Джэнлі, якая працуе ў інстытуце вірусалогіі горада Ухань. Менавіта ў гэтым горадзе пачалася пандэмія каранавіруса ў 2019 годзе. 

Дагэтуль дакладна невядома, што выклікала гэтую пандэмію, якая забрала жыцці мільёнаў чалавек па ўсёй планеце. Сёння існуе дзве асноўныя версіі здарэння.

  1. Гэта вынік няўдалага эксперымента ў лабараторыі Уханьскага інстытута вірусалогіі, дзе якраз ладзяцца эксперыменты над небяспечнымі штамамі розных захворванняў.
  2. Гэта натуральны выпадак прыроднага заанозу ад лятучых мышэй да людзей, які адбыўся без навуковага ўмяшання чалавека.

Першая версія паходжання кавіду падтрымліваецца ў тым ліку некаторымі ўрадавымі структурамі ЗША, але сам Кітай катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да правакавання пандэміі. 

Чытайце таксама:

«Спутнік V» зусім перастаў абараняць ад новых штамаў кавіду. А ў Беларусі ім працягваюць вакцынаваць

У Марыянскай упадзіне знойдзены новы вірус. Ён можа аказацца самым глыбакаводным у свеце

У Польшчы занепакоіліся працай беларускіх і ўкраінскіх медыкаў. Звязана гэта з працаўладкаваннем падчас пандэміі кавіду

Nashaniva.com