Кіеўскі ўніверсітэт імя Шаўчэнкі закрыў праграму па вывучэнні беларускай мовы
Рэктар КНУ таксама пацвердзіў, што ва ўніверсітэце Шаўчэнкі забаранілі расійскія крыніцы.
24.10.2023 / 14:15
Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт (КНУ) імя Тараса Шаўчэнкі закрыў праграмы па вывучэнні беларускай, рускай моваў і фарсі, паведаміў рэктар КНУ Уладзімір Бугроў.
«Сапраўды, у нас у Інстытуце філалогіі вывучалася руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, фарсі (персідская). Мы гэтыя праграмы закрылі», — сказаў ён у інтэрв'ю агенцтву «Украінскія навіны»
Бугроў лічыць, што ў школе вывучаць рускую мову і літаратуру не трэба. «Хіба што нейкія творы, магчыма, у курсе сусветнай літаратуры, каб можна было яе ідэнтыфікаваць. Але як на медыцынскім аддзяленні або на біялагічным факультэце Універсітэта вывучаюць вірусы, гэтак жа ва ўніверсітэце павінна вывучацца руская літаратура — пад наглядам выкладчыка-даследчыка <…>. І павінен быць яе крытычны аналіз», — дадаў ён.
Рэктар КНУ таксама пацвердзіў, што ва ўніверсітэце Шаўчэнкі забаранілі расійскія крыніцы. Уладзімір Бугроў адзначыў, што гістарычныя крыніцы на рускай мове выкарыстоўваюцца, «як і на турэцкай або іншай» мове.