Улады Ізраіля вырашылі прыбраць з навучальных праграм згадкі пра Грэту Тунберг з-за яе падтрымкі Палесціны
Міністэрства адукацыі Ізраіля абʼявіла, што прыбярэ з навучальных праграм любыя згадкі пра шведскую актывістку Грэту Тунберг з-за яе выказванняў у падтрымку Палесціны, піша «Медуза» са спасылкаю на ізраільскія медыя.
23.10.2023 / 11:32
«ХАМАС — тэрарыстычная арганізацыя, адказная за забойства 1400 нявінных ізраільцян, у тым ліку дзяцей, жанчын і пажылых людзей, і выкраданне больш за 200 чалавек. Пазіцыя [Тунберг] пазбаўляе яе права быць адукацыйным і маральным узорам для пераймання, і яна больш не мае права натхняць і навучаць ізраільскіх студэнтаў», — заявілі ў ведамстве.
За некалькі дзён да гэтага Тунберг апублікавала паведамленне ў падтрымку Палесціны ў твітары. «Сёння мы пратэстуем у знак салідарнасці з Палесцінай і сектарам Газа. Свету неабходна выказацца і заклікаць да неадкладнага спынення агню, справядлівасці і свабоды для палесцінцаў, а таксама ўсіх пацярпелых мірных жыхароў», — напісала Тунберг.
Неўзабаве актывістка падверглася рэзкай крытыцы ў сацсетках, а больш за сто ізраільскіх эколагаў і актывістаў падпісалі калектыўны ліст да Тунберг, у якім падрабязна выклалі наступствы нападу ХАМАС на Ізраіль.
«Так вы сабе ўяўляеце барацьбу за правы чалавека? З забойствамі мірных жыхароў, згвалтаваннямі жанчын і выкраданнямі немаўлят і старых? Ці гэта гучыць як частка барацьбы за свабоду?» — гаварылася ў лісце.
Аўтары звароту таксама абвінавацілі Тунберг у павярхоўным і грэблівым стаўленні да ізраільска-палесцінскага канфлікту, які, як яны лічаць, можа паставіць пад пытанне сурʼёзнасць і абгрунтаванасць яе актывізму.
«Грэта больш не зʼяўляецца для нас прыкладам для пераймання ў кантэксце змены клімату. У нас ёсць шмат іншых фігур, на якіх можна раўняцца», — лічаць яны.
Пазней Тунберг адказала на крытыку, падкрэсліўшы, што яна супраць «жахлівых нападаў ХАМАС». Пры гэтым яна зноў працытавала свой пост, у якім пісала, што «свет павінен заклікаць да неадкладнага спынення агню, справядлівасці і свабоды для палесцінцаў і ўсіх пацярпелых мірных жыхароў», і паставіла хэштэг #StandWithPalestine.
Грэта Тунберг атрымала шырокую вядомасць у 2018 годзе пасля таго, як стала праводзіць забастоўкі ля будынка парламента Швецыі. Яна заявіла, што не будзе хадзіць у школу ў пятніцы, пакуль улады не пачнуць выконваць дамовы па клімаце. Улетку 2019 года Тунберг вырашыла зрабіць перапынак у навучанні. Праз год яна вярнулася ў школу.
У 2019 годзе людзі па ўсім свеце праводзілі забастоўкі, падобныя да тых, што ладзіла Грэта Тунберг. Сама актывістка ў тым жа годзе выступіла на кліматычным саміце ААН у Нью-Ёрку.
Часопіс Time назваў Тунберг Чалавекам года — 2019. З таго часу Тунберг чатыры разы намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру.