Прэзідэнт Еўракамісіі: Мы будзем стаяць на вашым баку столькі, колькі вы будзеце весці барацьбу за свабоду Беларусі

Падчас выступу на форуме Junge Union у Браўншвайгу старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адказала Святлане Ціханоўскай:

23.10.2023 / 08:37

Урсула фон дэр Ляен і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Святлана, мы захапляемся адвагай мужчын і жанчын Беларусі, якія патрапілі ў турмы з палітычных прычын. І мы будзем падтрымліваць вас столькі, колькі будзе працягвацца ваша барацьба».

Урсула фон дэр Ляен прыгадала сустрэчу з кіраўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў Еўрапарламенце і прамову Святланы Ціханоўскай да парламентарыяў:

«Адзін момант я запомніла асабліва: ты казала пра «гучную» вайну, якую вядзе Пуцін супраць Украіны. І пра «ціхую» вайну — супраць людзей у Беларусі. Ты маеш рацыю. У Мінску гэта здушаныя крыкі зняволеных, крыкі збітых і закатаваных дыктатарам. У Кіеве і Адэсе — гэта выбухі ракет, гукі сірэн, плач людзей, якія страцілі мацярок, бацькоў і сыноў.

Але незалежна ад таго, «ціхая» вайна ці «гучная», мэта дыктатараў тая самая: гвалтоўнае падпарадкаванне краіны і яе насельніцтва.

Святлана, мы не дапусцім, каб гэтыя аўтакраты тапталі свабоду і правы чалавека ў Еўропе, і мы будзем на вашым баку столькі, колькі вы будзеце весці барацьбу за свабоду Беларусі», — сказала Урсула фон дэр Ляен.

Nashaniva.com