Памёр рэжысёр стужкі «Дарога на Курапаты», здымаць якую дапамагаў Зянон Пазняк

Памёр беларускі рэжысёр-дакументаліст Міхаіл Жданоўскі, яму было 84 гады. Ён аўтар адной з найважнейшых стужак беларускага кіно — «Дарога на Курапаты». Рэжысёра не стала 20 кастрычніка, паведамляе Reform.by.

22.10.2023 / 17:52

Міхаіл Жданоўскі. Скрын сюжэта СТБ

Сцэнар да карціны «Дарога на Курапаты» Міхаіл Жданоўскі пісаў разам з Аляксандрам Лукашуком. У стварэнні фільма браў удзел Зянон Пазняк. Аператар — Сяргей Пятроўскі. Кіно, якое было знята ў 1990 годзе на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», ёсць дакументальным сведчаннем злачынстваў бальшавіцкага рэжыму супраць людзей.

У даробцы Міхаіла Жданоўскага — не толькі гэта карціна. За стварэнне цыкла «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Мікалая Равенскага» ў 1990-я кінематаграфіст атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У 2000-я Міхаіл Жданоўскі, зыходзячы з патрабаванняў часу, здымаў дакументальныя карціны больш камернага тыпу — прысвечаныя беларускім постацям культуры, цікавым асобам — «Ва ўсе дні», «Семдзесят пятая восень Андрэя Мдзівані», «Маэстра Анісімаў» і іншыя.

Жданоўскі выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вёў курс маладых дакументалістаў у 2010-я, але ў выніку інтрыг і паклёпу быў «звольнены». 

Развітанне з Міхаілам Жданоўскім адбудзецца 23 кастрычніка па адрасе Кульман, 33a з 12:00 да 12:45.

Nashaniva.com