Памёр легендарны Бобі Чарлтан
Ва ўзросце 86 гадоў памёр знакаміты англійскі футбаліст, чэмпіён свету па футболе 1966 года сэр Бобі Чарлтан.
21.10.2023 / 19:03
Бобі Чарлтан у 2018 годзе. Фота: Laurence Griffiths /Getty Images
У заяве сям'і Чарлтана гаворыцца: «З вялікім смуткам мы паведамляем навіну пра тое, што сэр Бобі мірна памёр ранняй раніцай у суботу, у атачэнні сваёй сям'і».
Большую частку кар'еры гульца, з 1956 да 1973 года, Чарлтан правёў у складзе «Манчэстэр Юнайтэд». Гуляючы за гэты клуб, ён забіў рэкордныя 249 галоў (нашмат пазней гэты рэкорд быў пабіты Уэйнам Руні), а агульная колькасць згуляных за «Манчэстэр Юнайтэд» матчаў склала рэкордныя 758 гульняў (рэкорд быў пабіты Раянам Гігзам).
У 1966 годзе, пасля перамогі зборнай Англіі на чэмпіянаце свету па футболе, Чарлтан атрымаў «Залаты мяч» як найлепшы футбаліст года. Акрамя таго, Чарлтан выйграваў чэмпіянат Англіі і Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў.
Чарлтан таксама вядомы тым, што выжыў у авіякатастрофе ў Мюнхене ў 1958 годзе, у якой разбіўся самалёт з камандай «Манчэстэр Юнайтэд» на борце. З 44 чалавек, якія знаходзіліся ў самалёце, загінулі 23, яшчэ 19 атрымалі раненні.
Чытайце таксама:
Памерла славутая лыжніца і біятланістка Анфіса Разцова
Памёр комік Сяргей Гладкоў — запамінальны Мужык з «Вёскі дурняў»