На Падляшшы знайшлі вялікі архіў здымкаў мясцовых беларусаў стагадовай даўніны
У прыватных дамах падляшскіх мястэчак Гайнаўка і Кляшчэлі, у якіх жыве шмат мясцовых аўтахтонных беларусаў, знайшлі шматлікія архіўныя фотаздымкі жыхароў Падляшша — палякаў, беларусаў і яўрэяў. Больш за 13 тысяч здымкаў польска-беларускага памежжа змешчана на Albom.pl, піша Mostmedia.io.
20.10.2023 / 22:55
Па інфармацыі выдання Kurier Poranny, даследчыкі высветлілі, што вялікую колькасць здымкаў зрабіў Чэслаў Каміньскі, сям’я якога паходзіла з Мінска. Бацька Чэслава працаваў у Беларусі на паравой фабрыцы, а пазней быў касірам Цывільнай управы ўсходніх земляў. У той жа час сам Чэслаў навучаўся ў Мінскай гімназіі, але не без перашкодаў — вучоба давалася яму складана. Хлопец заваліў экзамены па польскай і нямецкай мовах, не адолеў і геаграфіі. Бацьку давялося пісаць ліст дырэктару гімназіі з просьбай не адлічваць Чэслава.
Калі ў 1924 годзе сям’я пераехала ў Гайнаўку, Чэслаў зноў не вытрымаў экзаменаў ужо ў польскай школе (на той момант юнаку было ўжо 20 гадоў) — прыйшлося ісці ў армію. Праз 8 гадоў малады чалавек трагічна загінуў. Але пасля сябе пакінуў шмат каштоўных для беларуска-польскага памежжа дакументаў: негатывы з Гайнаўкі, сямейныя фотаздымкі, а таксама здымкі чыгункі ў Белавежы. Захаваліся таксама працоўныя дзённікі, лісты і рукапісныя нататкі.
Архіў не быў страчаны дзякуючы сям’і Петрачуковых — Пятро і Ганна набылі драўляны даваенны дом на вуліцы Варшаўскай у Гайнаўцы. Падчас рамонту яны знайшлі старыя негатывы і дакументы Чэслава.
Чытайце таксама:
Расфарбавалі здымкі Пінска, зробленыя ў 1934 годзе амерыканскай даследчыцай
Анатоль Кляшчук: Пакуль збіраўся, пакуль прыехаў — у вёсцы ўсе памерлі