«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым». Выйшла новая кніга Валянціна Акудовіча

Фаліянт амаль у 400 старонак аўтарства аднаго з найуплывовейшых філосафаў Беларусі быў надрукаваны ў выдавецтве «Логвінаў». Гаворка ідзе пра кнігу Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала», піша Reform.by.

20.10.2023 / 22:37

Над гэтым выданнем Валянцін Акудовіч працаваў не адзін год. Некалькі год запар фрагменты кнігі друкаваў часопіс «Дзеяслоў».

«Перадусім гэта кніга пра стварэнне дыскурсу сучаснага беларускага мыслення і герояў, якія яго стваралі, — пракаментаваў выхад доўгачаканага праекта ў сацсетках сам аўтар. — Ды гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе «мая краіна». З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!»

Валянцін Акудовіч — беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык. Аўтар такіх кніг, як «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» (2015). 

Набыць новую кнігу Валянціна Акудовіча неўзабаве можна будзе праз пляцоўкі выдавецтва «Логвінаў».

Чытайце таксама:

Выйшла кніга пра вулкан і цялятка. І тое, як іх выратаваў Пу

«Як такое магло адбыцца?» У Вільні прэзентавалі кнігу «Ноч расстраляных паэтаў»

«Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай»

Nashaniva.com