«А Санту дзе згубілі?» Пару аленяў заўважылі ў цэнтры Беразіна
У ноч на 19 кастрычніка на адной з цэнтральных вуліц горада Беразіно заўважылі незвычайных пешаходаў. Пасярэдзіне праезнай часткі няспешна шпацыравалі два самыя сапраўдныя дзікія алені, пакуль іх не спудзілі запозненыя аўтамабілісты, піша Telegraf.news.
19.10.2023 / 16:11
На відэа, якім відавочцы падзяліліся ў TikTok, відаць, як алені спачатку ідуць пасярод дарогі, а калі да іх набліжаецца аўтамабіль, бягуць наўскач і вяртаюцца бліжэй да тратуара.
На адным з відэа грацыёзныя жывёлы па-сапраўднаму пазіруюць перад камерай, перш чым уцякаць.
Схаваліся алені ў двары шматпавярховіка, аддаўшы зацішным завулкам перавагу перад шырокай асветленай цэнтральнай вуліцай. Пра далейшы лёс жывёл аўтар відэа нічога не паведаміў.
У каментарах карыстальнікі сацсеткі папрактыкаваліся ў дасціпнасці. Хтосьці намякаў на тое, што гэта зусім не госці з суседняга лесу, які прымыкае да горада, а «нечыя мужы з камандзіроўкі», іншы заўважыў, што аленяў на дарогах не толькі ноччу поўна — «толькі аблічча днём іншае».
Была і версія, што гэта не звычайныя алені, а тыя самыя, легендарныя калядныя, якія заблукалі з нейкай прычыны на вуліцах беларускага гарадка. «А Санту дзе згубілі?» — занепакоілася адна з дзяўчат.
Чытайце таксама:
Па Новай Баравой бегаў заяц, а за ім з крыкам — малая дзяўчынка
Мінчук знайшоў гіганцкі ядомы грыб, які заважыў 11 кілаграмаў
Як жыве алень — суперзорка тыктока
«Я табе не дзяўчынка!» Жанчына перапужалася сустрэчы з аленем. Але гісторыя атрымала цікавы працяг