Андрэй Паротнікаў замовіў сабе ў СІЗА КДБ падручнік іспанскай мовы
«Знаходзіцца ў звычайнай камеры, як і іншыя. На ўмовы не наракае», — кажа ягоны знаёмы.
19.10.2023 / 13:42
Андрэй Паротнікаў. Скрыншот відэа АНТ
Палітолага Андрэя Паротнікава ўжо паўгода трымаюць у СІЗА КДБ. Яго затрымалі ў сакавіку 2023 у Расіі і пад аховай прывезлі ў Беларусь, нагадвае «Радыё Свабода».
Яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса, па якім пагражае да 15 гадоў зняволення.
«Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве, але следства ідзе неяк вельмі дзіўна. Ведаю, што апошнія тры месяцы нічога не адбываецца, а справа яшчэ не завершаная. Сядзіць і чакае», — распавяла пра Андрэя Паротнікава крыніца, якая прасіла не называць яе імя ў мэтах бяспекі.
Яна паведаміла некаторыя звесткі пра ўмовы ўтрымання палітолага.
«Знаходзіцца ў звычайнай камеры, як і іншыя. На ўмовы не наракае. Шмат чытае. Замовіў падручнік іспанскай мовы. Значыць плануе пашырыць веды па замежных мовах», — кажа крыніца.
Паводле гэтай крыніцы, сувязь з Андрэем Паротнікавым удаецца падтрымліваць рэгулярна.
«Да яго даходзяць лісты. Яму носяць перадачы. Ад яго даходзяць звесткі, што пачуваецца нармальна».
Андрэй Паротнікаў — капітан міліцыі запасу. Пасля звальнення з МУС ён займаўся незалежнай аналітыкай на тэмы бяспекі і сілавых структур. Кіраваў аналітычным цэнтрам Belarus Security Blog. Яго арыштавалі 19 сакавіка 2023 года ў Расіі. Паводле тэлеканала АНТ, які ў жніўні паказаў адмысловы фільм пра «здраду дзяржаве» з боку Андрэя Паротнікава, затрыманне адбылося ў Смаленску. Паводле крыніцы, якая размаўляла з «Радыё Свабода», затрымалі палітолага ў Маскве.
Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Паротнікава палітвязнем.
Чытайце таксама:
«Трэба навучыцца жыць раслінным жыццём». Філосаф Уладзімір Мацкевіч перанёс у турме аперацыю