Следчы камітэт рэкамендаваў беларусам адкрыць тры банкаўскія рахункі
Следчы камітэт рэкамендаваў беларусам захоўваць свае грашовыя ашчаджэнні на трох розных банкаўскіх рахунках. Паводле намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця СК Івана Судніковіча, гэта дазволіць дадаткова засцерагчы іх ад крадзяжоў.
18.10.2023 / 16:41
Прадстаўнік Следчага камітэта прызнаў, што стапрацэнтнай абароны ад крадзяжу грашовых сродкаў сёння не існуе. «Пакуль доступ да грошай ёсць ва ўладальніка, яго можа атрымаць і злачынец», — заявіў Іван Судніковіч на прэс-канферэнцыі па кібербяспецы, якая прайшла 18 кастрычніка ў Мінску.
Каб захаваць свае ашчаджэнні, СК рэкамендуе карыстацца правілам трох рахункаў.
«У асноўным нашы грамадзяне не выконваюць яго і акумулююць усе грошы на адным рахунку. Бывае і так, што чалавек захоўвае зберажэнні, якія ён сабраў за ўсё жыццё, на тым самым рахунку, з якога разлічваецца ў краме», — расказаў Іван Судніковіч.
Правіла трох рахункаў прадугледжвае падзел ашчаджэнняў на наступныя банкаўскія рахункі:
- Асноўны рахунак з накапленняў (гэта можа быць уклад у банку, куды чалавек кладзе грошы пад працэнты.
- Рахунак для разлікаў у інтэрнэце (гэта можа быць віртуальная, а не фізічная банкаўская карта; на яе рэкамендуецца пералічваць роўна тую суму, якую трэба выдаткаваць на канкрэтную куплю. Такім чынам, нават калі кіберзлачынцы выкрадуць даныя гэтай карты, яны змогуць спісаць з рахунку толькі гэтую суму, а да астатніх сродкаў дабрацца не змогуць).
- Рахунак з рэальнай банкаўскай картай, з якой чалавек можа рабіць штодзённыя пакупкі ў краме (на яе таксама рэкамендуюць пералічваць строга тую суму, якую чалавек траціць на працягу месяца).
Яшчэ адным спосабам дадатковай абароны ад крадзяжоў называюць страхаванне. Цяпер, паводле слоў Судніковіча, прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб зрабіць страхаванне банкаўскага рахунку для беларусаў абавязковым.
Чытайце таксама:
Махляры прыдумалі яшчэ адзін спосаб інтэрнэт-падману, на які можа трапіцца кожная сям'я
Мінчанка пазнаёмілася з «салідным бізнэсменам» — той ашукаў яе на 120 тысяч рублёў
Жыхар Рэчыцы прадаваў у інтэрнэце няісныя смартфоны. Здолеў прадаць 30 чалавекам