Слойкі з сырам бры і журавінамі. Рэцэпт
Хрумсткае слоенае цеста, сметанковы расплаўлены бры і кіславатыя журавіны прапануюць ідэальнае спалучэнне салодкага і пікантнага. І добра, што слойкі так лёгка гатаваць.
22.10.2023 / 09:09
Фота: Kilito Chan / Getty Images
Для дасягнення найсмачнейшага выніку размарозьце слоенае цеста ў адпаведнасці з парадамі на ўпакоўцы, каб з ім было лягчэй працаваць.
У прыведзеным рэцэпце выкарыстоўваецца сыр бры, але вы можаце паэксперыментаваць і выкарыстаць «Джугас», «Камамбер» ці любы звычайны сыр.
Каб прыгатаваць слойкі, спатрэбіцца:
- 1 упакоўка (500 г) слоенага цеста, размарожанага
- 220 г сыру бры
- 1 шклянка журавінавага соусу (куплёнага або хатняга)
- яйка
Як гатаваць:
- Разагрэйце духоўку да 190℃. Вострым нажом разрэжце цеста на квадраты памерам прыкладна 7,5 х 7,5 см.
- Выкладзіце на кожны квадрат цеста прыкладна 0,5 ч. л. журавінавага соусу і кубік сыру бры. Узбітым яйкам вышмаруйце краі цеста, каб яны сталі ліпкімі. Зашчыпніце процілеглыя канцы квадрата, каб у вас атрымаўся маленькі канверцік. Паўтарыце тое самае з кожным квадратам цеста.
- Выпякайце каля 10 хвілін або пакуль цеста не падпячэцца.
- Перад падачай дайце слойкам астыць каля 5 хвілін.
Чытайце таксама:
Журавіны сапраўды дапамагаюць пры інфекцыях, але не ўсім
Цана на журавіны падскочыла ўдвая: колькі зарабляюць зборшчыкі