ЦАХАЛ паказаў здымкі бальніцы «Аль-Ахлі» ў Газе да і пасля выбуху і сцвярджае, што слядоў авіяўдару няма

Тым часам у Газе заяўляюць пра 800 загінулых.

18.10.2023 / 09:48

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) паказала здымкі тэрыторыі бальніцы «Аль-Ахлі» ў Газе да і пасля выбуху, які адбыўся ўчора вечарам, піша Newsru.co.il.

Прэс-служба ЦАХАЛ

На здымках відаць, што шкода была нанесена аўтамабілям на стаянцы каля бальніцы, а таксама дахам некалькіх будынкаў. Але ніякіх слядоў выбуху авіябомбы няма. У выпадку выбуху авіябомбы шкода была б значна большай і павінна была б утварыцца варонка, сцвярджае ЦАХАЛ.

Прэс-служба ЦАХАЛ

ЦАХАЛ працягвае настойваць на тым, што прычынай выбуху стала падзенне ракеты, выпушчанай баевікамі «Ісламскага джыхаду» па ізраільскай тэрыторыі.

Тым часам у Газе заяўляюць пра 800 загінулых у выніку ўдару па бальніцы.

Ізраільскі бок не валодае дакладнымі данымі аб колькасці ахвяр у выніку гэтага выбуху, але малаімаверна, каб пры такім удары былі сотні загінулых, як заяўляе падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы.

Ізраіль перадаў ЗША сабраную ім разведвальную інфармацыю датычна выбуху ў шпіталі «Аль-Ахлі». У прыватнасці, былі перададзеныя запісы перахопленых размоў у Газе і іншая інфармацыя, сабраная рознымі сродкамі.

17 кастрычніка ў 19:19 у палесцінскіх СМІ з'явіліся першыя паведамленні аб выбуху ў бальніцы «Аль-Ахлі» ў цэнтральнай частцы сектара Газа.

У момант выбуху тэлеканал «Аль-Джазіра» вёў рэпартаж з сектара Газа, у кадр трапіў запуск ракеты ў бок Ізраіля і яе падзенне неўзабаве пасля запуску.

Чытайце таксама:

Пасля ўдару па бальніцы ў Газе Іарданія адмяніла чатырохбаковы саміт з удзелам Джо Байдэна

У бальніцу ў Газе патрапіла ракета, загінулі сотні людзей. Бакі вінавацяць адзін аднаго 

ААН: Больш за мільён чалавек пакінулі свае дамы ў сектары Газа

Nashaniva.com