Бацькоў і брата чэмпіёна свету па самба Сцяпана Папова звальняюць з працы
У пачатку кастрычніка бацькі і брат вядомага беларускага самбіста Сцяпана Папова былі затрыманыя і асуджаныя на 10 сутак. Сёння стала вядома, што іх звальняюць з Віцебскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў «Волат», дзе яны працавалі трэнерамі па дзюдо і самба, піша «Люстэрка».
17.10.2023 / 15:43
Сцяпан Папоў. Фота з фэйсбука
— Усе трэнеры па дзюдо і самба звольненыя. З 18 кастрычніка. Бо не выходзілі на працу 10 сутак, знаходзячыся ў ізалятары Лепеля за падпіску ў фэйсбуку на інфармацыйныя рэсурсы, якія з 2021 года прызнаныя экстрэмісцкімі. Артыкул 19.11 частка 2 (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) Адміністрацыйнага кодэкса, — сказана ў паведамленні школы.
«Люстэрка» звязалася са Сцяпанам Паповым, які знаходзіцца ў Польшчы, каб ён пракаментаваў звальненне родных:
— Адэкватнасць у Беларусі сёння адсутнічае. Дзе тут адэкватнасць: пасадзіць пенсіянераў (бацьку 65 гадоў, а маме 64) на дзесяць дзён у камеры без матрацаў за тое, што яны падпісаныя на нейкія каналы, якія нават не глядзяць, або пакараць іх за пазіцыю сына? Атрымліваецца, адным росчыркам пяра ўтоптваюць у бруд шматгадовыя дасягненні людзей, прыдумаўшы ідыёцкія законы.
Папоў — чэмпіён свету і двухразовы чэмпіён Еўропы, уладальнік Кубка свету, пераможца Еўрапейскіх гульняў. Ініцыяваў стварэнне ліста свабодных спартсменаў.