У Мінску знік прарасійскі прапагандыст і палітолаг з Украіны. Меркавана, ён затрыманы

Прарасійскі палітолаг з Харкава Дзмітрый Губін, які ў гэтым годзе збег з Украіны, перабраўся ў Беларусь і нядаўна перастаў выходзіць на сувязь. Пра гэта днямі паведаміў ягоны калега з пракрамлёўскага рэсурсу «Украина.ру». 

17.10.2023 / 17:44

Прарасійскі прапагандыст і палітолаг з Харкава Дзмітрый Губін. Фота: пракрамлёўскія тэлеграм-каналы.

Адзін з аўтараў прапагандысцкага антыўкраінскага рэсурсу «Украина.ру» Павел Волкаў заявіў, што яго сябар і калега Дзмітрый Губін, такі ж прарасійскі палітолаг з Украіны, нядаўна знік у Мінску. Той адзначыў, што да Губіна былі пытанні з боку РФ і РБ.

«У Мінску знік мой таварыш і журналіст з Харкава Дзмітрый Губін. Ён ідэйны вораг Майдана і радыкальнага нацыяналізму. Аднойчы за гэта да яго ўжо прыходзілі з СБУ, а праварадыкалы пагражалі яго забіць. У выніку Губін быў вымушаны залегчы на ​​дно і шукаць шляхі нелегальнага ад'езду з Украіны. Улетку 2023 года ён здолеў патрапіць у Малдову, затым у Ізраіль, а адтуль ужо ў Беларусь», — распавёў прапагандыст «Украина.ру» Павел Волкаў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго слоў, Губін прыехаў у Мінск 2 кастрычніка, каб прасіць аб палітычным прытулку, аднак яму адмовілі з прычыны «адначасовай забароны на ўезд у РФ і РБ». Волкаў дадае, што яшчэ да гэтага ў 2021 годзе Губін спрабаваў з Украіны трапіць у акупаваны Расіяй Крым, але яго не пусцілі «з-за забароны ўязджаць у Расію на працягу 20 год».

Волкаў піша, што гэтыя забароны выкліканы сакрэтнай разнарадкай ад Федэральнай службы бяспекі Расіі.

«Прычыны гэтых забарон застаюцца невядомымі, бо ў лісце ад ФСБ гэта называецца дзяржаўнай таямніцай. Пасля няўдачы ў Мінску Губін вырашыў паспрабаваць атрымаць прытулак у Баку, аднак неўзабаве напісаў жонцы, што пакуль застанецца ў Беларусі, бо «пытанне з прытулкам тут яшчэ вырашаецца». Пасля гэтага з 5 кастрычніка Губін перастаў выходзіць на сувязь. Яго пошукам займаюцца расійскія і замежныя праваабаронцы», — напісаў 11 кастрычніка Волкаў, на чыім канале дагэтуль няма інфармацыі аб стане Губіна.

У той жа час некаторыя ўкраінскія журналісты і выданні мяркуюць, што прапагандыст Дзмітрый Губін мог быць затрыманы беларускімі сілавікамі.

Да свайго знікнення Губін актыўна прасоўваў ідэі «рускага свету» і пісаў свае артыкулы ў некаторых прарасійскіх рэсурсах, у тым ліку і «Украина.ру». За сваю дзейнасць ён трапіў у базу даных украінскага сайта «Міратворац» як асоба, «якая пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны».

Чытайце таксама:

Буданаў заклікаў «аддаць належнае» Лукашэнку

Украінцы нанеслі «адзін з самых сур’ёзных удараў за ўвесь час» па расійскім аэрадроме — Fighterbomber

Некаторых беларусаў арыштоўваюць проста пры падачы на польскія візы — Wyborcza

Nashaniva.com